Мастацтва павольнага жыцьця

Учора італійцы адзначалі Дзень нясьпешнасьці. Начытаўшыся пра 14 запаветаў адмовы ад сьпешкі, мы ўжо й самі не сьпяшаліся і вырашылі распавесьці сёньня пра сьвята і пра тое, як атрымаць асалоду ад сапраўднай мэлёдыі жыцьця, а не рэміксу на яе.

 

Прызначыць 26 лютага Сусьветным днём нясьпешнасьці — ініцыятыва асацыяцыі «Мастацтва павольна жыць», лёзунг якой — «Не сьпяшайся! Атрымай асалоду ад моманту…».

Каб адчуць сапраўдны смак жыцьця, варта прытрымлівацца 14 прапанаваных асацыяцыяй запаветаў. Напрыклад, падняцца на 5 хвілін раней — але не каб хутчэй праглядзець мэйл, а каб атрымаць сапраўднае задавальненьне ад сьняданка. Альбо нават у самых жорсткіх корках не нэрвавацца і не лаяцца, а пагутарыць з кіроўцам суседняга аўто.

У межах Дня нясьпешнасьці ў Рыме ўжо другі раз праводзіўся «Марудны марафон»: 300-мэтровую дыстанцыю трэба пераадолець ня меней як за 27 хвілін, ані разу не спыніўшыся.

А ў Мілане надта шпаркім мінакам выпісвалі сымбалічныя штрафы. А ў іншых гарадох на першае месца ўчора выйшлі справы, на якія заўсёды не хапае часу: літаратурныя і музычныя вечары, інтэлектуальныя дыскусіі.

«Мастацтву жыць павольна» вырашылі навучыцца і ў іншых сусьветных сталіцах. Так у Лёндане, Парыжы, Нью-Ёрку ў процівагу «фаст-фуду» узьнікла «нясьпешнае харчаваньне».

Вельмі слушная прапанова: з такім сьпехам заўсёды кудысьці ляцім, адказваем «зараз заняты, патэлефаную заўтра» — а потым зьдзіўляемся, што жыцьцё так незаўважна зьнікае.

Тое, што раней займала дні, тыдні, нават гады, сёньня робіцца за хвіліны. Адлегласьці і час сталі катэгорыямі адноснымі. Праз хуткасьць і імклівасьць мы проста перасталі іх адчуваць. Адна справа, калі твой лепшы сябар увесь час у скайпе, і зусім іншая — калі ты раз на месяц атрымоўваеш капэрту зь іншаземнай маркай. Стаяць на прыпынку 10 хвілін — і потым столькі ж ў поўным аўтобусе. Альбо лепш хай сабе і паўгадзіны — але прайсьціся да працы скрозь парк пешшу.

Знаўца часу, Сальвадор Далі раіў:

«Калі вы жадаеце выхоўваць розум натуральным шляхам, бяз жорсткасьці, памятайце аб дзьвюх акалічнасьцях: нельга сьпяшацца і спадзявацца на дасканаласьць тэхнікі».

Выява - знакаміты «Гадзіньнік Далі»

SlaDa 13:40, 27/02/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.