«аН» як сьмешна: японцы будуць вымяраць сьмех новымі адзінкамі

Японскі прафэсар Ёджы Кімура ўпэўнены, што сьмех — гэта тая зброя, што ў здаровых дозах можа пакласьці канец сусьветным войнам. Адзіная праблема — якім чынам вымяраць. Прафэсар прыдумаў адзінку вымярэньня колькасьці сьмеху— aH, і адмысловае прыстасаваньне — ахамэтар.

­

«Мы высьветлілі, што найбольш шчыра і свабодна сьмяюцца дзеці: прыблізна на 10 аН у сэкунду — гэта ў два разы больш, чым у дарослых. З узростам людзі пачынаюць узважваць, варта засьмяяцца ці не, альбо пад ціскам розных абставінаў проста забываюць, як гэта — сьмяяцца», — распавядае прафэсар Кімура (Yoji Kimura). 

Новае прыстасаваньне дапаможа таксама зразумець, наколькі шчыры сьмех чалавека. «Ахамэтар» 3000 разоў у сэкунду фіксуе інтэнсіўнасьць рэакцыі чалавечага цела: скарачэньне мускулаў і, у першую чаргу, дыяфрагмы.

Па меркаваньні Кімуры, сьмех выконвае вельмі істотную функцыю:

«Гэта як пімпачка перазагрузкі кампутара. З дапамогаю сьмеху эпоха войнаў зьменіцца эпохаю гумору і талерантнасьці».

Сваё прыстасаваньне Кімура хоча зрабіць як мага зручнейшым для карыстаньня: памерам з мабілку, пазыцыянуючы яго на рынку як мэдыцынскі і забаўляльны гаджэт.

Прэзэнтаваны прыбор будзе гэтым летам пры падтрымцы Міжнароднага аб’яднаньня вывучэньня гумару.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.