Вялікабрытанія — самая прывабная для замежных студэнтаў краіна

Што падахвочвае студэнтаў ехаць па дыплёмы ў іншыя краіны? Куды імкнецца моладзь больш за ўсё? Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца міжнародныя студэнты? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказы шукалі амаль 11 тысяч студэнтаў з больш чым сотні краінаў сьвету ў штогадовай справаздачы StudentPulse.

Адукацыя — гэта таксама рынак, пры тым, вельмі прыбытковы. Таму кожная краіна імкнецца прыцягнуць як мага болей іншаземных студэнтаў.

Дасьледваньне StudentPulse праводзіцца International Graduate Insight Group (i-graduate) на падставе апытаньня 11 425 студэнтаў з 143 краінаў.

Акрамя вызначэньня самай прывабнай для навучаньня краіны, дасьледваньне робіць націск і на наступных пытаньнях:

  • Што матывуе студэнтаў вучыцца за мяжой?
  • Якія фактары найбольш уплываюць на іх выбар?
  • Якія прадметы найбольш папулярныя?
  • Што патрэбна найразумнейшым студэнтам?
  • Што больш за ўсё хвалюе студэнтаў?

Дырэктар i-graduate Will Archer падкрэсьлівае, што справаздача StudentPulse за 2007 прапануе апошнія дадзеныя, выкрывае самыя новыя тэндэнцыі — у гэтым і ёсьць яе каштоўнасьць для рынку адукацыі:

«Вялікая колькасьць заключэньняў грунтуецца на састарэлых зьвестках, мноства прагнозаў робіцца сыходзячы з тэндэнцыяў, якія, па меркаваньні людзей, усё яшчэ працягваюцца. Але перавагі студэнтаў і тых, хто на іх уплывае, мяняюцца — і гэта трэба ўлічваць».

Бадай самымі актыўнымі «экспарцёрамі» студэнтаў зьяўляюцца Кітай і Індыя. Таму менавіта студэнты з гэтых краінаў склалі падаўляючую частку рэспандэнтаў — 30 і 22 адсоткі адпаведна.

UK vs US

Зь невялікім адрывам, але у гэтым годзе Вялікабрытанія апярэдзіла Злучаныя Штаты па прыцягальнасьці, нават нягледзячы на тое, што жыць і вучыцца там вельмі дорага. 95% студэнтаў паставілі гачык «вельмі прыцягальная» насупраць Аб’яднага Каралеўства, у той час як за ЗША прагаласавалі 93%. Гэтыя два адсоткі і забясьпечылі Вялікабрытаніі лідэрства.

Асноўных прычын, па якім Амэрыка страціла сваё першае месца, дзьве. Гэта павышэньне небясьпекі ў краіне і складанасьці ў атрыманьні студэнцкай візы.

І хаця Вялікабрытанія была ацэненая большасьцю як самая бясьпечная краіна, асноўнай цяжкасьцю, зь якой студэнты-замежнікі там сутыкаюцца, зьяўляецца працаўладкаваньне пасьля атрыманьня дыплёму.

Пасьля Вялікабрытаніі і ЗША ў рэйтынгу прыцягальнасьці разьмясьціліся Аўстралія, Канада і Францыя.

Сярод краінаў, дыплём якіх карыстаецца найбольшым прэстыжам, ЗША (99%), Вялікабрытанія (97%), Канада, Францыя і Нямеччына — па 95%. Найменшым попытам карыстаюцца дыплёмы з Малайзіі, Паўднёвай Афрыкі ды Тайлянду.

Адваротная залежнасьць назіраецца між важкасьцю атрыманага дыплёма і лёгкасьцю атрыманьня студэнцкай візы. Прасьцей за ўсё патрапіць у Кітай, Індыю, Малайзію, Тайлянд і Сынгапур. Цікава, што студэнты з гэтых краінаў найбольш ахвотна едуць за дыплёмам за мяжу. Ня проста атрымаць студэнцкую візу ў ЗША, Вялікабрытанію, Францыю, Нямеччыну і Канаду.

Ну, а калі студэнты плянуюць пасьля атрыманьня дыплёму ўладкавацца на працу ў той краіне, да якой так прызвычаіліся за вясёлыя студэнцкія гады, то лепш тады адразу выпраўляцца ў Аўстралію, Канаду, Новую Зэляндыю, Сынгапур, ЗША, а не марнаваць свой час на рассылку CV па кампаніях Вялікабрытаніі, Паўднёвай Карэі або Паўднёвай Афрыкі.

Не краіна ўпрыгожвае ВНУ, а ВНУ краіну

Дзьве траціны студэнтаў адказалі, што сьпярша абіралі навучальную ўстанову — гэты быў галоўны крытэр адбору. Наступныя важныя фактары, такія, як кошт навучаньня, стыпэндыі і гранты, саступаюць найбольш істотным для студэнтаў якасьці выкладаньня і дасьледчых працы, рэпутацыя кваліфікацыі і прыватная бясьпека.

Аднак на тое, што ёсьць першасным — ВНУ або краіна — уплывае і спэцыяльнасьць. Тыя, хто хацеў бы атрымаць дыплём у сфэры турызму і гасьцінічнай справы, дызайну, камунікацыяў і мастацтва, хутчэй зьвярнуць увагу на краіну. У той час як студэнты навуковых і інжынэрных спэцыяльнасьцяў больш схільныя да выбару ВНУ.

Таксама цягам апытаньня студэнтаў папрасілі параўнаць сваю ўласную пасьпяховасьць з вынікамі сваіх аднагрупнікаў. Толькі 14% палічылі, што яны адносяцца да самых лепшых студэнтаў. Самага высокага пра сябе меркаваньня кітайскія студэнты.

Чаму студэнты едуць вучыцца за мяжу?

Для большасьці на першым месцы — якасьць адукацыі. Асабліва для тых, хто мае высокую пасьпяховасьць.

Амаль палову матывуе пашырэньне досьведу і паляпшэньне кар’ерных шанцаў. Траціна апытаных пазначыла таксама жаданьне палепшыць веданьне замежнай мовы, атрымаць прэстыжную спэцыяльнасьць, атрымаць доступ да навукова-дасьледчай базы.

І хаця на рашэньне кошт адукацыі ўплывае не ў першую чаргу, менавіта гэты фактар прыносіць найбольш турботаў студэнтам: як аплаціць вучобу хвалюе 86%. Ня менш сур’ёзным выглядае і пытаньне, як пражыць у чужой краіне, якое хвалюе 80%.

За грашовымі клопатамі — сум па дому (адзначаны 28% студэнтаў), веданьне ангельскай мовы, разуменьне таго, што кажуць іншыя — карацей, моўны бар’ер. Больш за чвэрць баіцца, што будзе складана вучыцца.

У тых, хто, нягледзячы на ўсе хваляваньні, усё ж вырашыў ехаць па дыплём у іншую краіну, найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца наступныя спэцыяльнасьці: бізнэс, асабліва прывабны для кітайцаў, абрала траціна з апытаных. На другім месцы інжынэрныя спэцыяльнасьці і ІТ-спэцыяльнаці. Пасьля іх — мэдыцына, мастацтва, дызайн і камунікацыі.

Беларусь на міжнародным рынку адукацыйных ­паслуг­

У рэйтынгу StudentPulse калі і ўдзельнічалі беларускія студэнты, то сярод Others. Аднак гэта ня значыць, што нашая моладзь ня вучыцца за мяжой.

Толькі афіцыйных дазволаў ад Міністэрства адукацыі на навучаньня па-за межамі Беларусі ў 2007 было атрымана 370. 1962 беларускіх навучэнцы адправіліся вучыцца, удзельнічаць у спартыўных, культурніцкіх і іншых мерапрыемствах у 33 краіны сьвету. Адмову на выезд за мяжу атрымалі 22 грамадзяніна. Аднак асноўная частка беларусаў выпраўляецца вучыцца ў іншыя краіны без дазволу Міністэрства адукацыі.

Расьце і колькасьць студэнтаў-замежнікаў у Беларусі. Праўда, пасьля закліку міністра адукацыі да рэктараў «кінуць гэтыя дэмакратычныя штучкі», колькасьць замежных студэнтаў, якія бавяць навучальны час у студэнцкай сталоўцы, можа зьменшыцца — нагадаем, што складанасьць навучальнага працэсу ёсьць адной з галоўных турбот студэнтаў.

У сваю чаргу, у 2007 былі выдадзеныя 168 заключэньняў аб прызнаньні замежных дыплёмаў — у асноўным, грамадзянам Расеі і Польшчы. Таксама ў сьпісе жадаючых працаваць або вучыцца на Беларусі, і адпаведна, тых, хто пацьвярджаў свае дакумэнты, — жыхары Ўкраіны, краінаў Балтыі, Англіі, ЗША, Ірака, Гішпаніі.

Па афіцыйных дадзеных, Беларусь становіцца ўсё больш прыцягальнай для студэнтаў зь іншых краінаў сьвету.

Аднак казаць пра канкурэнтаздольнасьць беларускай адукацыі на міжнародным рынку без далучэньня Беларусі да Балоньскага працэсу нельга. Больш таго, можна чакаць адтоку студэнцтва за мяжу, асабліва тых, хто жадае атрымоўваць прэстыжныя спэцыяльнасьці. Калі Міністэрства адукацыі выкарыстоўвае «адміністратыўны рэсурс» для абмежаваньня доступу да вышэйшай адукацыі, а вучыцца ў Беларусі стане яшчэ даражэй, прасьцей будзе атрымаць больш прыстыжны замежны дыплём, які, да таго ж, будзе прызнавацца па ўсім сьвеце.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.