Cэкс кепска адбіваецца на адзнаках студэнтаў

Згодна новаму дасьледваньню, у якім удзельнічалі студэнты Кэмбрыджа, сэкс адмоўна ўплывае на пасьпяховасьць студэнтаў, а значыць — перашкаджае здаваць сэсію. Чым больш у студэнта сэксуальных партнэраў, тым горш ягоныя адзнакі. Вынікі гэтага дасьледваньня супярэчаць іншым, згодна якім сэкс, наадварот, дапамагае здаваць сэсію.

 

У апытаньні ўзялі ўдзел 1000 студэнтаў. Так Peterhousе, які знаходзіцца ў самым канцы рэйтынгу пасьпяховасьці Кэмбрыджу, патрапіў на трэцюю прыступку па інтэнсіўнасьці сэксуальнага жыцьця студэнтаў.

І наадварот, Christ’s College, дзе сярэдняя колькасьць сэксуальных партнэраў, якія былі ў студэнта, — тры ў параўнаньні зь пяцьцю ў Peterhousе, займае другую прыступку па пасьпяховасьці.

Таксама вызначыўся і сьпіс самых «тэмпэрамэнтных» спэцыяльнасьцяў: найбольшая колькасьць сэксуальных партнэраў у студэнтаў-мэдыкаў — 8. Меншая — у тэолягаў (2).

 

На другім месцы студэнты, якія вывучаюць сацыяльна-палітычныя навукі (7), гісторыю (6), сучасныя і сярэдневяковыя мовы (5).

Кепска тое, што студэнты, якія мелі адносіны «на ноч», у большасьці сваёй не праходзілі мэдыцынскага агляду.

Вынікі дасьледваньня ў Кэмбрыджы тлумачыць прафэсар Ланкастэрскага ўнівэрсытэту Кэры Купер:

«Чым камунікабельней асоба, тым менш часу ў яе застаецца на вучобу. Апроч таго, людзі, якія часта мяняюць партнэраў, ня толькі бавяць час зь імі, але знаходзяцца ў стрэсавым стане, калі адносіны разрываюцца, а гэта перашкаджае канцэнтрацыі».

Вынікі дасьледваньня сталі вядомымі празь месяц пасьля іншага дакладу, згодна якому студэнткі Кэмбрыджу падпрацоўваюць прастытуткамі, стрыптызёркамі і ў эскорце.

Публікацыя дасьледваньня, у якім паказваецца адваротная ўзаемасувязь між інтэнсіўнасьцю сэксуальнага жыцьця і адзнакамі, выклікала неадназначную рэакцыю на форуме.

Па-першае, некаторыя сьцьвярджаюць, што нельга цалкам верыць вынікам апытанкі. Людзям, а асабліва мужчынам, уласьціва трохі перабольшваць свае перамогі на сэксуальным полі. Другія зьвярталі ўвагу на відавочнасьць гэтага дасьледваньня і на адсутнасьць дакладнай карэляцыі. Іншыя, хутчэй за ўсё — выдатнікі, наадварот, крыўдзіліся. 

Верагодна, да апошніх далучацца і тыя, хто паверыў у вынікі дасьледваньняў, згодна якім «сэкс, мяса і шакаляд разьвіваюць інтэлект» і што «рэгулярны сэкс дапаможа здаць сэсію».

Хочацца верыць, што на нашую, «самую лепшую ў сьвеце», сыстэму адукацыі заканамернасьці Кэмбрыджа не распаўсюджваюцца і ахвяраў жарсьці падчас зімовай сэсіі не было. А ў вялікай колькасьці супярэчлівых дасьледваньняў ёсьць плюс — заўсёды можна выбраць:)

­­
SlaDa 13:58, 28/01/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.