Зьміцер Вайцюшкевіч ляціць скараць Японію

Скарыўшы ўсё што можна на Беларусі, Зьміцер актыўна пашырае геаграфічнае кола сваіх прыхільнікаў. Ня так даўна ён пабываў у Швэцыі, а 19 лютага выпраўляецца ў Японію. Хваляваньне беларускіх жанчын лёгка прадказаць: але да традыцыйнага канцэрту 8 сакавіка Зьміцер абяцае вярнуцца.

 

У Кіёта Вайцюшкевіч возьме ўдзел у двух некамэрцыйных канцэртах. На адным ён будзе хэдлайнэрам, а на другім — удзельнікам. Зьміцер будзе адзіным беларусам, нават акампанаваць яму будуць японцы, а Беларусь будзе адзінай краінай, якую прадставяць гэтым разам японцам. Вайцюшкевіч выканае песьні з «Месяцу і сонца» — перакладзеныя на беларускую мову японскія кампазыцыі, якія ўжо добра ўкараніліся на нашай глебе. Таксама Зьміцер развучвае зараз песьню і на японскай мове. ­

«Гэта ўвогуле вельмі хвалюючая паездка. Я ня ведаю, якой будзе рэакцыя. Я ж артыст збалаваны, прызвычаены, што мяне любяць, вызываюць на біс:) А ў Японіі я дагэтуль ніколі не выступаў,» — распавядае пра будучую вандроўку Зьміцер.

Натуральна, што мы не маглі не запытацца ў Зьмітра пра ягонае стаўленьне да японак: страшна ж выпраўляць любімага артыста аднаго ў такі далёкі шлях:

«Я мару сустрэць Ёка Она, і каб яна разваліла WZ, разваліла маё жыцьцё, і каб мяне застрэлілі, як Джона Ленана ў якім-небудзь пад’езьдзе…»

Але потым Зьміцер прызнаўся, што марыць зьлётаць туды-назад — і зноў на любімы Нёман. А зь японскай прыгажосьці яго, хіба што, толькі адзеньне цікавіць. Зьміцер запэўніў, што ў модзе японцы зараз «наперадзе плянэты ўсёй».

Польшча, Расея, Францыя, Швэцыя, Японія... Цікава, куды далей? Калі б Зьміцер зрабіў якую кітайскую або вэнэсуэльскую праграму, "народнага артыста" яму гарантавана далі б:)
SlaDa 15:39, 22/01/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1133 seconds.