Фэміністкамі не нараджаюцца — імі становяцца

У стэрэатыпным мысьленьні фэміністкі — гэта агрэсіўныя лесьбіянкі з голенымі патыліцамі і валасатымі нагамі, гатовыя лінчаваць кожнага мужчыну, які адчыніць ім дзьверы або падасьць руку. Насамрэч, гэта проста рух за роўнасьць мужчын і жанчын, які набыў грамадзка-палітычнае значэньне і ня страціў значэньне па сёньняшні дзень. Разважаньні над фэмінізмам - на прыкладзе адной жанчыны. ­

­

Калі кажу, што я — фэміністка, т­о ў адказ чую або жарцікі, або абвяржэньні. Прайшла днямі тэст на… фэмінізм. Вынік: «Вы — не фэміністка! Вы — Жанчына!». Глупства якое, падумала я. Супярэчнасьцяў у гэтых панятках ня бачу. А тут яшчэ на мінулым тыдні маёй любімай жанчыне — Сымоне дэ Бавуар — споўнілася 100 год. Той самай, з чыіх вуснаў прагучала легендарнае:

«Жанчынай не нараджаюцца — ёй становяцца».

Пасьля сябе яна пакінула фэмінізм, «Другі пол» і Сартра. Таму і вырашыла я на ейным прыкладзе паказаць, хто такія фэміністкі.

Фэмінізм, як, напрыклад, і нацыяналізм, альбо любая іншая філязофія змаганьня, як магніт прыцягвае людзей, няздольных адаптавацца ў існуючым грамадзтве. Барацьбой яны тлумачаць свае няўдачы. Менавіта такія людзі ствараюць стэрэатыпы. Але сярод фэміністак шмат сапраўды прывабных і разумных асобаў, дзякуючы якім кожная з нас можа камфортна пачуваць сябе ў сёньняшнім дні. Яны ствараюць легенды. Як Сымона дэ Бавуар:) ­

Узьнік фэмінізм яшчэ ў XVIII стагодзьдзі, але сфармуляваны быў Сымонай дэ Бавуар. Асабліва актывізаваўся ў 1960-х.

 

Існуе некалькі накірункаў фэмінізму: радыкальны, лібэральны, нават экалягічны. Ня схільная да фанатызму, я, натуральна, ня ведаю на зубок усе палажэньні гэтых напрамкаў. Было дастатковым вывучыць дэталёва досьвед пачынальніцы фэмінізму Сымоны дэ Бавуар, пазнаёміцца зь ейнымі думкамі і пацікавіцца тым, як складвалася ейнае прыватнае жыцьцё, каб зразумець — гэта тое, з чым збольшага магу пагадзіцца.

І што самае цікавае, у сьвеце становіцца ўсё болей мужчын, якія становяцца на бок жанчын.

У прынцыпе, ёсьць два аргумэнты, якіх будзе дастаткова, каб патлумачыць гэтую парадаксальную на першы погляд сытуацыю.

Аргумэнт першы, жалезны: навукоўцы спраўдзілі, што фэміністкі лепш у ложку. Ці то быў сьледчы экспэрымэнт, ці то апытанка, але факт — з жанчынай, якая ўпэўненая ў сабе і ведае, што ёй трэба, значна лепей.

Калі ў каго яшчэ ёсьць сумненьні, прапаную ўвазе ініцыятыву швэдзкіх фэміністак: зараз яны змагаюцца за права жанчын плаваць у грамадзкіх басэйнах топлес. Мужчынам можна, а жанчынам — не. Не парадак! І дамагліся такі. Вось табе і гендэрная роўнасьць:)

Хаця тэма фэмінізму ўжо і нагнала аскомы, але пакуль жывуць показкі пра бляндынак і жанчын за рулём, пакуль на лекцыях па псыхалёгіі ў студэнтаў пытаюцца, хто лепей — бос-бабздыр а-ля «у старой печы паляць чэрці» альбо жанчына ў тым жа ўзросьце на стадыі клімаксу, — варта да гэтай тэмы вяртацца.

«Свабодным чалавек можа стаць толькі праз свабоду іншых»

ХХ стагодзьдзе можна сьмела назваць жаночым. Пакрысе жанчыны адваявалі права на адукацыю, на роўную з мужчынамі працу і яе аплату, права голасу і быць абранымі, права ўваходзіць у палітычныя партыі і прафсаюзы, права на развод, на кантрацэпцыю і аборт, на дзяржаўную дапамогу па цяжарнасьці і родам і гэтак далей.

Зараз гэта гучыць дзіўна для нас. Але ёсьць яшчэ месцы на плянэце, дзе жанчыны дагэтуль ня маюць гэтых элемэнтарных правоў і вымушаныя адстойваць сваю чалавечую годнасьць. Так, прыкладам, у Кіргізіі дагэтуль крадуць нявест.

Згодна ААН, жанчыны выконваюць 45% працы ў сьвеце, атрымоўваючы пры тым 10% сусьветнага заробку.

Можна шмат пісаць пра этапы «мірнай жаночай рэвалюцыі», пра даты, імёны і месцы. Але дастаткова будзе распавесьці пра жанчыну, якая сьвядома адмовілася мець дзяцей, але дзякуючы ёй нарадзіўся фэмінізм.

 

Сымона дэ Бавуар стала легендай для многіх пакаленьняў. Яна рэалізавалася ў прыватным жыцьці і ў прафэсійнай сфэры, спрычыніўшыся і да кар’еры «мужа». Прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцьці на міжнародным узроўні, задавала тон жыцьцю культурнаму.

Сымона не адмаўляла і не адмаўлялася ад мужчын. Яна сьцьвярджала існасьць жанчыны як асобы, якая таксама мае права разьвівацца і мусіць тым правам карыстацца. Яна не адмаўляла біялягічнай розьніцы між мужчынам і жанчынай, але была ўпэўненая, што ад пачатку ва ўсіх людзей роўны патэнцыял — і жанчыны маюць права на роўныя магчымасьці для яго разьвіцьця.

 

Дэ Бавуар не была такой страшнай і разьюшанай, якой памылкова ўяўляюць фэміністку. Яна не была прыгажуняй, ва ўнівэры ў яе нават была мянушка «бабёр». З-за зубоў:) Але пасьля Сымона жартавала, што «бабёр — гэта жывёла, схільная да тварэньня». Сымона была сапраўднай францужанкай. У тыя часы, бадай, адной з самых элегантных і прывабных жанчынаў, яе здымкі ўвесь час зьяўляліся ў сьвецкай хроніцы.

 

А галоўную цікавасьць для грамадзтва прадстаўлялі ейныя з Жанам Полям Сартрам адносіны. Колішняя студэнтка вядомага філёзафа, яна шмат у чым паспрыяла выхаду кніжак Сартра і фармаваньню такой моцнай філязофскай плыні, як экзыстэнцыялізм.

Яны не былі расьпісаныя і ня мелі дзяцей. Але не было жанчыны, здольнай адвабіць Сартра ад Сымоны. Яна была ўпэўненая, што не сям’я і ня дзеці трымаюць мужчыну ля жанчыны, а каханьне і сяброўства, свабода. Толькі свабодны чалавек не захоча нікуды сыходзіць.

Іхнім любімым выразам стала фраза зь фільму, які яны глядзелі напачатку свайго рамана:

«Я быў табе верным, але па-свойму

Сымона сьвядома зрабіла свой выбар, адмовіўшыся ад традыцыйнай функцыі ды ролі жанчыны ў сям’і і грамадзтве — і была шчасьлівая.

 

У сваёй кніжцы, на напісаньні якой, у сваю чаргу, настаяў Жан Поль, Сымона адсочвае жыцьцёвы шлях жанчыны ад нараджэньня да сьмерці. У «Другім полу», не згубіўшым актуальнасьці з 1949, паказваецца, як грамадзтва зьмяняе сутнасьць прыроды жанчыны, адводзіць ёй ролю «другога полу».

Дэ Бавуар не была сьляпым адэптам адной ідэі. Яна заўважала парадаксальныя рэчы і не адмаўлялася ад фактаў, якія супярэчылі ейным разважаньням.

Напрыклад, яна заўважыла, што жанчыны, якія робяць націск на свой пол і сваю няроўнасьць з мужчынамі, якраз і дасягаюць роўнай з мужчынам пазыцыі, параўнальных заробкаў і мужчынскага атачэньня.

Моцны бок Сымоны дэ Бавуар у тым, што ў адрозьненьні ад сваіх пасьлядоўніц, яна не ідэалізуе жанчыну. Напрыклад, яна адзначае жаночую рэакцыйнасьць і разьяднанасьць.

Урэшце не стрымалася і яна — закахалася моцна, зусім па-жаночы. Пасьля яе сьмерці выйшла кніга «Трансатлянтычнае каханьне» — ейная перапіска з амэрыканскім лётчыкам. Там была і рэўнасьць, і сэнтымэнтальнасьць, і самота, і жаданьне мець сапраўдную сям’ю.

Але ўсё роўна засталася «па-свойму вернай» свайму каханаму сяб.ру Жану Полю Сартру, побач зь якім і была пахаваная. Нават на могілках гэтая пара, што заставалася разам свабоднаю, не пазбаўленая чалавечай увагі.

 

Такім чынам, робім высновы:

Фэмінізм — гэта не нейкая сэкта, што ставіць мэтаю зьнішчыць усіх мужчын з плянэты, а грамадзка-палітычны рух, мэта якога — прадстаўленьне жанчынам усіх грамадзянскіх правоў; імкненьне да роўнасьці мужчын і жанчын ва ўсіх сфэрах жыцьця.

Мэтаю гэтага артыкула не было даць энцыкляпэдычныя веды пра фэмінізм. Проста захацелася распавесьці пра лёс адной з самых вядомых жанчын сучаснасьці і такім чынам патлумачыць сутнасьць гэтай зьявы. Галоўнае разумець, што парнэрства і роўнасьць у любых адносінах даюць максымум выніку і задавальненьня:)­

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.