Заторы ў байнэце і на менскіх вуліцах
10 студзеня прайшла акцыя пратэсту прадпрымальнікаў супраць падпункта 1.1 Загаду Прэзыдэнта № 760. Сустракаю свайго даўняга сябра — ён прыйшоў з бацькамі. Студэнт і тусоўшчык, з Новага году Дзіма працуе штодня — згодна гэтаму падпункту, індывідуальныя прадпрымальнікі могуць выкарыстоўваць па найму толькі блізкіх сваякоў.
Хаця, па неафіцыйных зьвестках, 80 адсоткаў прадпрымальнікаў у гэтыя дні не працуюць увогуле: з 1 па 15 студзеня праходзіць агульнарэспубліканская забастоўка.
«Сволачы гэтыя менскія, мала іх выйшла», — размаўляюць між сабой прадпрымальніцы з рэгіёнаў. Кажуць, на шляху жадаючых далучыцца да менскага пратэсту ствараліся перашкоды і патрапіць у сталіцу было ня так і проста.
«Адразу бачна, хто чым гандлюе, асабліва, хто шмоткамі», — дзеляцца ўражаньнямі іншыя прадпрымальніцы.
На Кастрычніцкай плошчы апоўдні сабраліся ня толькі прадпрымальнікі, але і студэнты. Больш таго, пад цэнтральнай елкай праходзіла эстафэта БРСМ: са сьцягамі БРСМа на плячох, нешматлікія дзяўчаты і хлопцы каталіся на каньках навыперадкі, час ад часу спатыкаючыся. Там жа каньках езьдзіў плюшавы сьцяг БРСМу — галоўны герой мерапрыемстваў з удзелам Саюзу. Але хутка БРСМаўцаў адпусьцілі дахаты.
А ў гэты час Белтэлеком, відаць, займаўся «шэйпінгам», хаця кіраўніцтва кампаніі тое і адмаўляе. Некаторыя сайты былі блякаваная. Сярод іх — LiveJournal,
Пакуль прадстаўнікі мітынгуючых намагаліся наладзіць дыялёг з уладамі, натоўп вырашыў перайсьці праз дарогу — насуперак усім заклікам і папярэджваньням ДАІ, рух па праспэкце Скарыны каля Кастрычніцкай плошчы быў перакрыты.
Маладыя людзі з расьцяжкаю «Да законам! Нет указам!» не саступіліся са сваёй пазыцыі, нават калі вельмі раздражнёны кіроўца пачаў рух проста на іх.
Неўзабаве падцягнуўся спэцназ. Мітынгуючым было дадзена 10 хвілін на тое, каб разысьціся. Кожную хвіліну спэцназ паведамляў, што будзе ўжытая сіла і адмысловыя сродкі. На сёмай хвіліне папярэджваньняў некалькі тысяч чалавек рушылі, у тым ліку і па праежджай частцы, у бок плошчы Незалежнасьці.
Прадпрымальнікі пачалі мітынг з лёзунгу «Работу!», якім потым перамяшаўся з «Свабоду!». Пад канец прадпрымальнікі скандзіравалі «Застаемся!». Да ўсеагульнай радасьці насупраць Дому ўраду залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.
Паколькі перамовы з кіраўніцай галоўнага эканамічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Інай Мядзьведзевай задавальняючых вынікаў не далі: па ейных словах, Загад № 760 адменены ня будзе, — прадпрымальнікі пайшлі яшчэ раз на радыкальны крок. Праспэкт Скарыны каля плошчы, гэтым разам — Незалежнасьці, быў блякаваны.
Ланцуг папулярных і заўсёды перапоўненых «сотак» і маршрутак расьцягнуўся з абодвух бакоў на сотні мэтраў. Акрамя папярэджаньняў, ніякіх мераў з боку ўладаў не было. Аднак каля Міністэрства адукацыі чакалі свайго часу некалькі аўтазакаў.
Калі, а 17-й гадзіне было прынятым рашэньне разыходзіцца, сіламі спэцназу людзі былі выціснутыя з праежджай часткі. Пачаліся затрыманьні лідэраў і арганізатараў, а таксама тых, хто рухаўся ў бок Кастрычніцкай плошчы.