Адна рука мерзьне? Шукай згубленую пальчатку ў Інтэрнэце.

Дзяўчына з Пітсбургу стварыла сайт One cold hand?, дзе яна зьмяшчае здымкі пальчатак і рукавічак, што згубілі сваю пару. І некаторым ужо пашанціла знайсьці гаспадароў. У калекцыі ўжо 75 знойдзеных пальчатак.

 

Каму, канешне, як, а для мяне пальчаткі і рукавічкі — вельмі дарагія і любімыя рэчы. Некалькі дзён роспачы маёй не было канца, калі згубілася пара афігенных галяндзкіх пальчатак, да таго ж, гэта быў падарунак. Хадзіла і думала — дзе яны зараз, мае шэрыя сябры?

Ладна, калі губляеш адразу дзьве: як тыя кажуць, з ваччу сышоў і з памяці зваліўся. А калі губляеш адну пальчатку? Другая табе ўвесь час нагадвае пра страту, дый рука мерзьне, але доўга яшчэ не падымаецца набыць новую пару…

І вось зьявілася пальчатачная чараўніца, праўда, не ў нас, а ў далёкім Пітсбургу. Дзяўчына Джэніфэр стварыла мілы сайт One cold hand? — там яна разьмясьціла інфармацыю пра 21 знойдзеную пальчатку. За месяц аб’явіліся чатыры гаспадары! І тое толькі пачатак — сайт становіцца ўсё больш папулярным. Значыць, больш самотных пальчатачак знойдуць сваю другую палову.

 

У калекцыі Джэніфэр ужо 75 пальчатак і рукавіц, якія чакаюць сваіх гаспадароў. На сайце можна ўбачыць самыя розныя «ручкі» — і дзіцячыя, і жаночыя, і мужчынскія, і танныя, і дарагія…

Зрабіць здымак пальчаткі — гэта для Джэніфэр сапраўдны творчы працэс. У хуткім часе яна зьбіраецца арганізаваць выставу знойдзеных пальчатак, а потым і выдаць кнігу пра «знайдзёнышаў».

 

Падавалася б, навошта столькі мітусьні — гэта ж проста пальчаткі. Але па меркаваньні Джэніфэр, гэта «моманты хоць і маленькай, але чалавечай страты».

­
SlaDa 16:24, 26/12/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0763 seconds.