Самаму вядомаму беламу мядзьведзіку Кнуту споўніўся год

Легендарны нямецкі мядзьведзік Кнут адзначыў учора свой першы Дзень Народзінаў. Павіншаваць яго ў Бэрлінскі заапарк прыйшлі пяць тысяч сяброў, а асьвятлялі падзею 20 камандаў тэлежурналістаў.

 

Кнут стаў культавым пэрсанажам Нямеччыны. Выява белага, мяккага, пухнатага мядзьведзяня ўпрыгожвала кубкі, цішоткі, паштоўкі. Кнут быў самай папулярнай мяккай цацкай у дзіцячых крамах. Ягоныя вочкі ўважліва глядзелі зь бігбордаў, тэлеэкранаў і вокладак часопісаў.

Гісторыя маленькага Кнута знайшла водгук у сэрцах людзей ня толькі ў Нямеччыне — ён самы вядомы ў сьвеце белы мядзьведзь. Ня кажучы пра тое, што адна маленькая жывёлінка паправіла фінансавыя справы ўсяго Бэрлінскага заапарку.

Калісьці ад Кнута адмовілася мама — і малыша чакала сьмерць, як двух ягоных брацікаў. Але супрацоўнікі заапарка вырашылі выратаваць Кнута. Адзін зь іх — Томас Дзёрфляйн — нават пасяліўся ў вальеры Кнута, каб клапаціцца пра яго 24 гадзіны ў суткі. Ён карміў яго з бутэлечкі, купаў яго і нават сьпяваў яму пад гітару песьні Элвіса Прэсьлі.

 

Такі самаадданы ўчынак Томаса, аднак, выклікаў хвалю абурэньня з боку абаронцаў правоў жывёлаў. Па іх меркаваньню, прысутнасьць чалавека побач з жывёлай разьвівае ў яе чалавечы, а не жывёльны пачатак. Актывісты патрабавалі прыпыніць камунікацыі Томаса і Кнута. І гэта нават ня гледзячы на тое, што ў такім выпадку мядзьведзяня проста загінула б.

Актывісты нават сьцьвярджалі, што калі маці сама адмовілася ад дзіцяці, то зь ім штосьці ня тое і ягоная сьмерць будзе лягічнай.

 

Пакуль між актывістамі руху за правы жывёлаў і служачымі заапарку шла бойка за жыцьцё Кнута, ён пасьпеў стаць сымбалем. Зрабіць здымкі белага цуду прыехала сусьветна вядомая фатограф Ані Ляйбавіц.

Супрацоўнікі заапарка, натуральна, перамаглі — і з Кнутам мог сустрэцца кожны жадаючы. Дарэчы, белыя мядзьведзі — вельмі складаныя жывёлы для ўтрыманьня ў няволі. Яны непрадказальныя і камунікацыі зь імі — даволі сур’ёзная рызыка.

Але «прыёмнага» бацьку Кнута тое не пужала. І вось сёньня, калі Кнуту споўніўся годзік, Томас кажа пра хуткае разьвітаньне:

«На Дзень Народзінаў я зычу Кнуту шчасьліва пераехаць у новы заапарк — у вялікі вальер, дзе яго будзе чакаць сяброўка. Кнут ужо навучыўся жыць безь мяне.»

 

Калі Кнут пачаў сталець, ён мог стаць вельмі небясьпечным для Томаса, таму яму прыйшлося выселіцца з вальеру. Таксама многія прадказвалі падзеньне папулярнасьці малыша — ён ужо ня быў мілай пухнатай цацачкай, а стаў сапраўдным палярным мядзьведзем.

Аднак павіншаваць Кнута з Днём народзінаў прыйшлі тысячы чалавек, адмыслова дзеля яго быў замоўлены вялікі торт з рысу і фруктаў.

Зараз Кнут важыць цэлых 112 кіляграмаў, але ў сэрцах мільёнаў застанецца мілым і маленькім мядзьведзяняткам.

 

Фота Timesonline.co.uk i Myboo.ru­­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0776 seconds.