Беларусь на 47 месцы па перакладах замежных аўтараў

UNESCO апублікавала сьпіс аўтараў, чые творы за апошнія 75 год часьцей за ўсё перакладаліся на замежныя мовы. У лідэрах - сцэнарысты студыі Ўолта Дыснэя. Усяго за 75 год на замежныя мовы перакладаліся творы 250 тысяч аўтараў.

­

У базе дадзеных Index Translationum, якую падтрымлівае UNESCO, — усе творы, якія перакладаюцца на замежныя мовы.

 

Дзесяць зь іх перакладалі найбольш актыўна. Гэта сцэнарысты студыі Ўолта Дыснэя, Агата Крысьці, Жуль Вэрн, Ленін, Шэксьпір, Энід Блайтон, Барбара Картлэнд, Даніэла Сціл, Андэрсан і Стывен Кінг.

У топ-50 таксама патрапілі Біблія, браты Грым, Марк Твэн, Бальзак, Хэмінгуэй, Маркс з Энгельсам, рускія клясыкі Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў. На 50-м месцы казачнік Шарль Пяро.

Больш за ўсё ў сьвеце перакладаюць з ангельскай, францускай, нямецкай, расейскай, італійскай, гішпанскай, швэдзкай, латыні, дацкай і флямандзкай моваў.

Беларуская мова па гэтым крытэры на 46 месцы. А, напрыклад, украінская — на 32-м, літоўская — на 37, хіндзі — на 41-м.

Больш за ўсё перакладаюць на нямецкую, гішпанскую, францускую, ангельскую, японскую, галяндзкую, партугальскую, расейскую, польскую і італійскую мовы.

Але па краінах, якія больш за ўсё перакладаюць кнігі, месцы разьмеркаваліся трохі інакш: Нямеччына, Гішпанія, Францыя, Японія, СССР (да 1991), Нідэрлянды, Польшча, Данія, Італія і Бразылія.

Беларусь у гэтым рэйтынгу знаходзіцца на адну прыступку ніжэй за беларускую мову — на 47 месцы.

ЗША 13-ыя, а Расея — 19-я.

Дарэчы, веды школьнікаў гэтых дзьвюх буйных дзяржаваў па ўзроўню ніжэй за сярэднія.

Да такіх высноваў прыйшла Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. Кожныя тры гады Арганізацыя правярае ўзровень школьных ведаў у падлеткаў 15-гадовага ўзросту.

Тэст 2006 году ўтрымліваў заданьні па дакладных навуках, матэматыцы і чытаньню. Прайшлі яго школьнікі з 57 краінаў.

Найбольш фундамэнтальныя веды ў маленькіх фінаў. На другім месцы Ганконг. За ім — Канада, Тайвань, Эстонія, Японія, Новая Зэляндыя, Аўстралія, Нідэрлянды і Ліхтэнштэйн.

Сярод 22 краінаў з узроўнем ніжэй за сярэдні — ЗША, Расея, Латвія, Літва і Азэрбайджан.

На апошнім, 57-м месцы, Кыргызстан.

Магчыма, такі нізкі ўзровень школьнай падрыхтоўкі і тлумачыць, чаму амэрыканцы так мала чытаюць (ці наадварот, чытаюць мала, таму і ўзровень такі).

Маладыя амэрыканцы выдаткоўваюць на чытаньне толькі 7 хвілінаў штодня. Для параўнаньня, тэлевізар яны глядзяць 2–2,5 гадзіны.

У 2006 у ЗША было прададзена 1,5 мільярда кніг — на 100 мільёнаў меней, чым у 2000.

Колькі дакладна чытаюць беларусы, не вядома. Але справа ня ў колькасьці, а ў якасьці. Кніжак нашыя суайчыньнікі набываюць шмат, але найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца расейскія раманы або дэтэктывы ў тонкай вокладцы.

Аднак, узровень граматнасьці моладзі, па дадзеных ААН, — 99,8%, што забясьпечвае Беларусі лідзіруючую пазыцыю сярод краінаў СНД па ўзроўні адукацыі.

І тут зноў варта зрабіць націск не на шырыню ахопу вышэйшай адукацыяй, а на яе якасьць.

Але нават калі вы не аматар чытаньня, пазначце гэты карысны з пункту гледжаньня разьвіцьця асобы занятак у графе «хобі» пры працаўладкаваньні: амэрыканцы даказалі, што так прасьцей знайсьці працу.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.