У сьвеце амаль 150 мільёнаў сайтаў

Зараз у Інтэрнэце налічваецца 149 784 002 сайта. Ад пачатку году гэты паказчык узрос на 40 мільёнаў, у тым ліку на 7 мільёнаў — за кастрычнік.

Збольшага рост колькасьці сайтаў у гэтым годзе забясьпечваецца павышэньнем колькасьці блогаў, у прыватнасьці на Live Spaces, Blogger і MySpace. Аднак у мінулым месяцы рост адбываўся за кошт рэгістрацыі даменаў у традыцыйных хостынг-правайдэраў.

Ня гледзячы на тое, што Live Spaces і MySpace працуюць на базе Microsoft IIS, лідарам усё яшчэ застаецца сэрвер Apache — з рынкавай доляй каля 48 адсоткаў.

Лідзіруе Apachе і на беларускай інтэрнэт-прасторы.

Дакладную колькасьць беларускіх сайтаў падлічыць цяжка, дый лічба будзе ўмоўнай. Але, напрыклад, у каталогу TUT.BY зарэгістраваныя 20 923 сайтаў.

Але радуе колькасьць не сайтаў, а карыстальнікаў: Беларусь лідзіруе сярод краінаў СНД па карыстаньні Інтэрнэтам. Пра тое сьцьвярджаецца ў «Дакладзе аб разьвіцьці чалавека», які штогод рыхтуецца ПРААН.

У нас на адну тысячу насельніцтва прыпадае 347 карыстальнікаў. У дзьвюх астатніх найбольш тэхналягічна прасунутых краінах СНД гэты паказчык ніжэйшы: 152 для Расеі і 97 на Ўкраіне.

Дарэчы, згодна гэтаму ж Дакладу, Беларусь упершыню патрапіла ў сьпіс краінаў з высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця.

­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0044 seconds.