Алесь Лагвінец стаў «Эўрапейцам году»

Беларускі палітык, палітоляг і выкладчык Алесь Лагвінец атрымаў у гэтым годзе «Прэмію Эўропы». Узнагарода выдаецца нямецкім фондам імя Гайнца Шварцкопфа «Маладая Эўропа» за дасягненьні ў наладжваньні лепшага паразуменьня паміж Беларусьсю й Эўрапейскім Зьвязам.

­­

Апошнім часам тэма «Беларусь-Эўропа» стала досыць папулярнай, асабліва ў кантэксьце «Беларусь=Эўропа». Можна сказаць, што беларусы ўмоўна падзяліліся на тых, хто з замілаваньнем глядзіць савецкія фільмы, б­алеюць за «нашых», а пра людзей з усходняй зьнешнасьцю кажуць «нейкі ён ня рускі» — з аднаго боку. Зь іншага боку — тыя, хто лічыць Беларусь эўрапейскаю краінаю.

Не дарэмна талдычылі нам у школе, што Беларусь — гэта краіна ў цэнтры Эўропы. Некаторыя вельмі добра тое ўцямілі — і робяць усё, каб Беларусь стала роўнай у эўрапейскай сям’і.

 

Беларускі палітык, палітоляг і выкладчык Алесь Лагвінец атрымаў у гэтым годзе «Прэмію Эўропы» нямецкага фонду імя Гайнца Шварцкопфа «Маладая Эўропа» за дасягненьні ў наладжваньні лепшага паразуменьня паміж Беларусьсю й Эўрапейскім Зьвязам.

Гэтая прэмія — «дзякуй» ад маладой генерацыі. Яна была заснаваная дзеля таго, каб голас маладой Эўропы быў пачуты. Маладыя «Эўрапейцы году» вылучаюць тых, хто найбольш паспрыяў станаўленьню іхніх уяўленьняў пра Эўропу.

Ва ўрачыстым лісьце Фонду імя Гайнца-Шварцкопфа «Маладая Эўропа» да Алеся Лагвінца, які аўтарка артыкула як студэнтка Алеся прачытала па блату, тлумачыцца, чаму менавіта Лангвінец стаў ляўрэатам прэміі:

«Прычынаю, чаму Маладыя Эўрапейцы так высока цэняць Вашую дзейнасьць, ёсьць Вашыя маральныя і асабістыя якасьці: сьціпласьць, адданасьць сваёй справе, беларускаму грамадзтву і інтарэсам краіны, моцная падтрымка эўрапейскай інтэграцыі і супрацоўніцтва, руплівая праца (а не палітычны папулізм), інтэлект і прафэсыяналізм.»

5 сьнежня ў Бэрліне адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджаньне. А пакуль Алесь не хваліцца ганаровым званьнем «Эўрапейца году», а выказвае падзякі сваім родным і сябрам, а таксама шматлікім вучням.

Як сапраўды сьціплы чалавек, Алесь не хацеў заўчаснага розгласу і нават сьвяткаваньня гэтай падзеі, а тым больш — друкаваньня вытрымак зь лісту Фонду. Але не ўтрымалася — адчуваю вялікі гонар за Алеся Лагвінца. Кажу ня толькі ад сябе, але і ад вялікай колькасьці маладых, актыўных і сьвядомых людзей.

«Гэта было нечакана, але прыемна. Гэта значыць, што з руплівай, штодзённай працы ёсьць плён. Натуральна, гэта вялікі гонар. Галоўнае, каб гэта стала стымулам для беларусаў імкнуцца насустрач Эўропе. Я шчыра жадаю, каб эўрапейцам мог назваць сябе кожны жыхар Беларусі. Таму атрыманьне гэтай прэміі ёсьць для мяне моцным штуршком працаваць яшчэ больш інтэнсіўна і самааддана», — дзеліцца ўражаньнямі з Generation.by Алесь.

Раней Алесь выкладаў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Зараз з-за вялікай колькасьці справаў на Беларусі, Алесь выкладае ў Вільні толькі адзін курс. Але папулярызацыі эўрапейскіх каштоўнасьцяў і ведаў пра Эўразьвяз Лагвінец ня кінуў: свой адмысловы курс «Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўразьвязу» ён ужо другі год выкладае на базе Беларускага Калегіюма:

«Галоўнае, гэта пашыраць веды беларусаў пра Эўразьвяз, пра доўгую гісторыю Эўропы і эўрапейскія каштоўнасьці. Тады кожны зможа сам зрабіць правільны для сябе выбар. Краіна можа ня быць часткаю Эўрапейскага Зьвязу, але беларуская моладзь ужо вельмі вольна адчувае сябе на эўрапейскіх прасторах.»

«Прэмія Эўропы» прысуджаецца з 2003 арганізацыі альбо прыватнай асобе, якая адмысловым чынам паспрыяла эўрапейскай згодзе й інтэграцыі Эўропы, а таксама яе мірнай і адказнай ролі ў сьвеце. Сярод ляўрэатаў гэтай узнагароды Карла дэль Понтэ, галоўны пракурор трыбуналу па злачынствах у былой Югаславіі, Навід Кермані, іранскі навуковец і дысыдэнт, Дзітэр Косьлік, дырэктар Міжнароднага Бэрлінскага кінафэстывалю.

Сам Фонд імя Гайнца-Шварцкопфа «Маладая Эўропа» быў створаны ў 1971 дзеля падтрымкі дзейнасьці на карысьць адзінай Эўропы й прамоцыі эўрапейскай інтэграцыі. Штогод фонд супольна з Эўрапейскім парлямэнтам вызначае «Маладога эўрапейца году». У сваю чаргу «маладыя эўрапейцы году» прысуджаюць «Прэмію Эўропы». У гэтым годзе іх выбар спыніўся на выкладчыку-палітолягу й грамадзкім дзеячы зь Беларусі Аляксандру Лагвінцу.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0886 seconds.