Рэкляма ў польскіх гіпермаркетах — зараз і па-беларуску

Напярэдадні Каляд і Новага году польскія гіпермаркеты сусьветна вядомай сеткі TESCO упершыню распачалі рэклямную акцыю на беларускай мове.

 

Адмыслова дзеля беларусаў у гіпермаркетах TESCO распаўсюджваюцца рэклямныя праспэкты «Для Цябе, для Сям’і», у якіх пакупнікам нагадваецца, што хутка сьвята Сьвятога Мікалая, таму гасьцей зь Беларусі чакаюць добрыя зьніжкі на вэнджаныя шпроткі ў алеі, каркавіну сьвіную бяз костак, усе навагоднія цацкі, CD і DVD, экалягічныя торбы на ўсё жыцьцё, ялавічыну для смажанкі, пыласмокі ды іншыя тавары.

На просьбу Радыё Рацыя прадстаўнікі гарадзенскага руху «За Свабоду» пацікавіліся ў супрацоўнікаў TESCO наконт эфекту ад рэклямы па-беларуску. «Так, рэклямны праспэкт на беларускай мове прыйшоўся даспадобы нашым наведвальнікам зь Беларусі. Амаль кожны зь іх з задавальненьнем карыстаецца буклетам пры выбары падарункаў сабе і сваім сем’ям да сьвята», — сказала прадавачка TESCO ў Сакулцы Малгажата Новак.

Зазначым, што раней польскія гіпермаркеты калі і рабілі адмысловыя праспэкты для пакупнікоў з Усходу, то толькі на расійскай мове.

Паводле Радыё Рацыя

Фота «Magazyn Polski»

14:11, 22/11/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0055 seconds.