«beZ bileta» выдалі першы DVD: дзесяць кліпаў, адзін канцэрт і адна бойка кліпмэйкераў
Апошнія пяць год жыцьцё «beZ bileta» было поўным вясёлых момантаў і моманцікаў, пра якія і захацелася распавесьці як «Про самое негрустное на свете». Віталік Артыст рэкамэндуе дарыць гэты DVD замежнікам, якім не да спадобы нацыянальная бібліятэка.
З 2002 па 2007 нарадзілася дзесяць кліпаў гурта: «Stop Business», «Stop Business remix», «Нарисована», «Лодочки», «Шла дальше», «Смотреть вверх», «Место для тебя», «Такие медленные», «Песенка артиста» і «Никогда не умирай».
Галоўныя дзеючыя асобы: Таня Кушнер, Дзяніс Волкаў, Матвей Сабураў і Максім Сірый і, натуральна, «beZ bileta».
Менавіта дзякуючы ім і зьявіліся скончаныя мэдыйныя прадукты. А прасьцей кажучы, дзесяць гісторый жыцьця.
Расповеды пра тое, як здымаліся гэтыя відэа, тлумачаць іх непаўторную энэргетыку. Яшчэ адзін прыклад таго, што фактарам посьпеху зьяўляюцца зусім не вялікія грошы ды імянітыя прадусары. Нават калі, па словах Артыста, «не было капусты» — былі ідэі, крэатыўныя і сьмелыя людзі.
Для Тані Кушнер, якая шмат у чым сфармавала вобраз «beZ bileta», кліп «Нарисована» быў першай працай. Па словах Тані, падчас працы зьявілася адчуваньне, што «нам усё можна і нічога за гэта ня будзе». У працэсе працы тое, як будзе выглядаць канчатковы прадукт, ніхто ня ведаў.
А вось відэа «Смотреть вверх» Таня прапануе тым, у каго не хапае часу проста легчы на траўку і паглядзець на аблокі: як яны мяняюць свае абрысы, колер. Гэткі канцэнтрат неба.
Цалкам Таня Кушнер «надала інтэлектуальнасьці» пяці кампазыцыям «beZ bileta» у якасьці рэжысэркі «Нарисована», «Лодочки», «Шла дальше» (маляваўся Дзянісам Волкавым), «Смотреть вверх», «Место для тебя».
Потым у жыцьці гурта зьявіліся Максім Сірый і Матвей Сабураў. Першы зьняў «Такие медленные», другі — «Никогда не умирай». А разам — «Песенку артиста».
З апошнім кліпам увогуле цудоўная гісторыя. Справа йдзе да Каляд і Новага году. Матвей і Максім сядзяць у вёсцы — тое шчэ мястэчка. Напрыклад, гэтыя два таварышы неяк зладзілі катаньні ў начоўках, апрануўшыся так, як Віталік у тым самым кліпе.
Дык вось, патэлефанавалі Віталіку Матвей ды Максім са словамі «бяры гітару і фанаграму — і да нас». Віталік сьцяміў, што вёска і два кліпмэйкеры — гэта не бясьпечна, і захапіў дзьве фанаграмы.
Па словах Матвея, першая так была — нейкая інструмэнталка. А вось «Песенка артиста»...
«Гэта выклік!» — падумалі кліпмэйкеры.
Шэсьць гадзінаў здымалі, вечар мантажавалі — і вось ён, Артыст, са сваёй песенькай дый у капялюшы ад імбрыка.
Карацей кажучы, справа такая — ўсе кліпы здымаліся весела, атрымаліся якасна. Лепш на ўласныя вочы паглядзець, чым пра тое чытаць.
Для тых, хто зрэдку глядзіць музычныя каналы, але «beZ bileta», якія, так бы мовіць, зайцамі праціснуліся ў аўтобус «75%», DVD «Про самое негрустное на свете» стане сапраўдным сьвятам, якое заўжды з табой;) Больш таго, на плыце ёсьць і запіс канцэрту «КИНОсъёмка» з усімі кампазыцыямі новага альбому.
Бонусам йдзе бойка Сірага і Сабурава за званьне «Лепшага кліпмэйкера».
Віталік Артыст «Про самое негрустное на свете» сказаў так:
«Мяркую, што гэта вельмі клёвы DVD. Можна, напрыклад, дарыць замежным гасьцям. Вось запытае вас які госьць: «А што ў вас ёсьць? Бібліятэка нам вашая не зусім падабаецца». А вы ім — «Про самое негрустное на свете»
Фота SlaDa