Французскія студэнты супраць закону аб унівэрсытэцкай аўтаноміі

8 лістапада ва ўсіх буйных гарадох Францыі прайшлі маніфэстацыі студэнтаў супраць прыняцьця закону аб унівэрсытэцкай аўтаноміі.

­

Студэнты выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваё незадавальненьне законам аб унівэрсытэцкай аўтаноміі, згодна якому ВНУ даецца магчымасьць самастойна шукаць сродкі праз спонсараў сярод прыватных кампаніяў.

Студэнты мяркуюць, што самастойны пошук сродкаў непазьбежна прывядзе да злоўжываньняў, а таксама да ціску на кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў з боку спонсараў, таму паступаць у ВНУ будуць не па ведах, а па грошах.

Сярод лёзунгаў — «Унівэрсытэты, адчыненыя для дзяцей працоўных, зачыненыя для прыватных інтарэсаў!».

У Тулузе на вуліцы выйшла каля 1,5 тысячы чалавек, У Рэне, па розных ацэнках, — 1,5–3 тысячы. Больш за 500 студэнтаў у Парыжы накіраваліся да міністэрства адукацыі.

Пад вечар парыскія студэнты запоўнілі плятформы Паўночнага вакзалу, паралізаваўшы рух цягнікоў, зь лёзунгам «Чыгуначнікі з намі!».

У пятніцу адбылася яшчэ адна маніфэстацыя студэнтаў, але зь іншай нагоды — падтрымаць турэцкага студэнта. 21-гадовага Ібрагіма Арпачы, які ўжо два гады жыве і вучыцца ў Францыі ў адным зь ліцэяў прыгарада Парыжа, зьбіраліся выслаць з краіны з-за адсутнасьці пэўных дакумэнтаў.

Студэнты зладзілі маніфэстацыю ў самім аэрапорце. Таму экіпаж самалёта, што мусіў даставіць Ібрагіма ў Турцыю, адмовіўся прымаць яго на борт. Далейшы лёс турэцкага студэнта вырашыць суд, што адбудзецца 12 лістапада.

Але й на гэтым справа ня скончылася. У чацьвер яшчэ і каля 2,5 тысяч служачых вязьніц прайшліся па вуліцах Парыжу. Яны незадаволеныя цяжкімі ўмовамі працы і перанасычанасьцю турмаў.

­
SlaDa 13:26, 09/11/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.