Топ-10 самых недарэчных навуковых экспэрымэнтаў

Дзеля навукі часам ставяцца самыя неверагодныя і незразумелыя простаму сьмяротнаму экспэрымэнты. З нагоды «Першага зьезду вучоных Беларусі» прыводзім падборку ад часопісу New Scientist «Самыя недарэчныя экспэрымэнты» — каб нашыя «вучоныя» маглі вучыцца на чужых памылках.

­

Ахвяраю ­самага жорсткага экспэрымэнту сталі «лепшыя сябры чалавека» — сабакі. Савецкі навуковец Уладзімір Дземіхаў у 1954 прадэманстраваў двухгаловага сабаку, створанага ў навуковай лябараторыі: галаву з шыяй і пярэднія лапы шчанюка перасадзілі нямецкай аўчарцы. Журналісткі — сьведкі гэтага жудаснага экспэрымэнта — кажуць, што галовы біліся між сабой, а калі галава шчанюка намагалася папіць малака, то яно капала з ягонай шыі.

­­Няшчасная істота пратрымалася ўсяго шэсьць дзён. ­Зразумела, нікому і ў галаву не прыйшло абараніць сабак ад Дземіхава — за наступныя 15 год ён паўтараў экспэрымэнт яшчэ 19 разоў. Цэлых 38 сабачых жыцьцяў пад адкос — затое лічаць, што навуковец падрыхтаваў глебу для перасадкі сэрца ў чалавека.

У сьпісе экспэрымэнтаў ёсьць і намаганьні раскрыць тайны чалавечай прыроды. Напрыклад, Кларэнс Льюба, амэрыканскі псыхоляг, вырашыў высьветліць, чаму мы сьмяемся, калі нас казычуць, — умоўны гэта рэфлекс ці не. Ахвярамі навукі ў дадзеным экспэрымэнце сталі спачатку нованароджаны сын навукоўцы, а потым і дачка.

Сапраўдным цьвіком стаў экспэрымэнт зь індыкамі на прадмет іх сэксуальнасьці. Кемлівыя дасьледчыкі з унівэрсытэту штата Пэнсільванія заўважылі, што птушкі імкнуцца спароўвацца з муляжамі самак. Навукоўцы пакрысе дэмантавалі розныя часткі муляжу — і прыйшлі да хвалюючых высноваў: індыкі ўзбуджаюцца нават ад адной галавы самкі на палцы!

Цудоўны экспэрымэнт з самалётам: уявіце, што вы ляціце сабе ціхенечка, а тут абвяшчаюць, што самалёт падае і просяць запоўніць стра­хавыя полісы — каб усе фармальнасьці былі ў парадку, калі знойдуць вашыя абгарэлыя трупы. Гэта не сюжэт для тэрміновага выпуску навінаў, а экспэрымэнт па выяўленьні ўзьдзеяньня страху на кагнітыўныя здольнасьці.

Наўрад ці журналісты часопіса New Scientist чулі пра «Першы зьезд вучоных Беларусі», але хочацца спадзявацца, што нашых «вучоных» у такіх сьпісах ня будзе.

Як ніяк, Лукашэнка акрэсьліў межы палёту імклівай навуковай думкі:

«Гісторыя, філязофія, пэдагогіка, іншыя навукі мусяць быць прывязаныя да сёньняшняга грамадзтва. Разьвіцьцё навукі ў гэтых сфэрах ня мусіць замыкацца ў вузкіх карпаратыўных рамках. Яно мусіць актыўна спрыяць таму, каб кожны беларускі грамадзянін адчуваў неадрыўную сувязь са сваёй радзімай, яе гісторыяй, культурай», — заявіў прэзыдэнт падчас выступу на І зьезьдзе.

Топ-10 самых вар’яцкіх навуковых экспэрымэнтаў:

  • Слон атрымаў вялікую дозу ЛСД, каб высьветліць, ці выклікае гэта ў яго зацямненьне сьвядомасьці.

Выснова: для сланоў ЛСД сьмяротны.

  • Пасажыры самалёта, якім сказалі, што яны хутка загінуць у авіякатастрофе, зрабілі болей памылак у пісьмовым тэсьце.

Выснова: моцны стрэс нэгатыўна ўплывае на кагнітыўныя здольнасьці чалавека.

  • Двугаловыя сабакі жылі ня болей месяца.

Выснова: арганізмы розных асобінаў несумяшчальныя.

  • Псыхоляг, экспэрымэнтуючы на сваіх дзецях, высьвятляў, ці ёсьць рэакцыя на казытаньне прыроджаннай.

Выснова: так

  • Хлопчыкам з дурной звычкай грызьці пазногці ў сьне надыктоўвалі выразы, кшталту «пазногці нясмачныя», каб высьветліць, ці магчыма гіпнозам падчас сну адвучыць ад дурных звычак.

Выснова: магчыма. Наступныя дасьледваньні спраўдзілі адваротнае.

  • Каб праверыць, ці зможа чалавек заснуць у экстрэмальных умовах, добраахвотнікам падклейвалі павекі плястырам, каб яны не маглі заплюшчыць вочы, і сьвяцілі лямпамі.

Выснова: праз 12 хвілін добраахвотнікі пачалі засыпаць

  • Людзей прасілі нюхаць нашатырны сьпірт, мацаць лягушак, глядзець порнафільмы.

Выснова: агіда ў розных выпадках мімічна выражаецца па-рознаму.

  • Доктар піў ваніты хворых жоўтай ліхаманкай і уціраў яе ў раны, нават піў. Усё — каб спраўдзіць, што ліхаманка не заразная.

Высновы: не заразная. Выснова памылковая.

  • Трупы жывёл гушкалі на арэлях, каб ажывіць іх шляхам аднаўленьня кровазвароту.

Высновы: дзьве жывёлы ажылі, але ў іх быў пашкоджаны мозг і страчаны зрок.

  • Муляжы самак індыкоў паступова дэмантавалі, каб выявіць дастатковы прывабны для індыка мінімум.

Высновы: самцоў індыка ўзбуджае галава самкі на палцы, а вось да безгаловага цела яны раўнадушныя.

­

Што тут дадаць? Толькі што пажадаць, каб галава на плячох была ня толькі ў муляжоў самак індыка.

­­­
SlaDa 13:37, 05/11/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3045 seconds.