Навошта нямецкаму вайскоўцу 10 рулёнаў туалетнай паперы на дзень?

Што зьнітоўвае зялёных, туалетную паперу і нямецкіх салдат? У той час як шараговаму немцу патрэбныя ўсяго 73 рулёны на год, на кожнага нямецкага салдата прыходзіцца па дзесяць рулёнаў туалетнай паперы штодня. Гэты факт разьюшыў Партыю зялёных, якая заклікае эканоміць лясныя рэсурсы.

Чым кормяць нямецкіх вайскоўцаў? Адным чарнасьлівам? Або нямецкія міратворцы ў Афганістане хаваюцца ад сваіх абавязкаў у прыбіральні?

Параўнаньне расходу туалетн­ай паперы рознымі міністэрствамі паказала, што лідэрам па спажываньні як раз і зьяўляецца Міністэрства абароны — 800 мільёнаў рулёнаў на год! Амаль такое ж па колькасьці штату Міністэрства ўнутраных спраў мае патрэбу толькі ў 620 тысячах.

Міністэрства аховы здароўя замаўляе 2,74 мільёны рулёнаў, Міністэрства фінансаў — 5,37 мільёнаў. Але аніводнае ня йдзе ў параўнаньне з Міністэрствам аховы.

За справу ўзяліся вайсковыя рэвізоры. Кампутары перагрэліся, тэлефоны разрываліся. Камандуючыя батальёнамі ня ведалі спакою.

І вось знайшлося тлумачэньне — інфармацыя не зусім карэктная. Насамрэч, 800 мільёнаў аркушаў паперы, а не рулёнаў. Гэта роўнае прыблізна 5,3 мільёнам рулёнаў, пры тым, што на Міністэрства абароны яшчэ працуюць 360 тысяч цывільных службоўцаў і вайскоўцаў.

Хаця і гэтыя лічбы не канчатковыя:

«Цяжка падлічыць дакладна, колькі аркушаў у рулёне, бо некаторыя зь іх маюць тры слоікі», — растлумачылі афіцыйныя асобы.

Вайсковыя рэвізоры прынялі за аснову, што ў рулёне прыблізна 150 аркушаў.

На тым справа ня скончылася. Па ходзе раскрыліся некаторыя вайсковыя сакрэты. І дапамаглі ў гэтым блогеры.

Так, адзін паведаміў, што рулён паперы на дзень уваходзіць у баявы камплект вайскоўца ў элітных горна-стралковых частках, а таксама ў Афганістане.

Гістарычны факт і нямецкая вайсковая мудрасьць:

«Wohin und wieweit ich marschier', ich geh' niemals ohne mein Klopapier.» — «Калі б і дзе не служыў, у бой без рулёна туалетнай паперы не выпраўлюся.»

Нават (ці мо лепей сказаць «асабліва») у войску немцы застаюцца немцамі: вялікае значэньне надаецца асабістай гігіене.

Але сапраўды праліў сьвятло на блытаніну са статыстыкай адзін з вайскоўцаў у інтэрнэт чаце: 

«Шэрая туалетная папера з перапрацаванай сыравіны ідэальна пасуе для чыстцы дробнакалібэрнай зброі — тое вядома кожнаму салдату.»

Папяровыя тыгры

  • Брытанцы ў сярэднім выкарыстоўваюць 110 рулёнаў туалетнай паперы на год, у той час як у сярэднім па ЭЗ — 77,5. Амэрыканцу патрэбна 98 рулёнаў, а звычайнаму немцу — 73.
  • Самымі эканомнымі апынуліся краіны Балтыі — усяго 24 рулёны на душу насельніцтва.
  • У сярэдняй амэрыканскай або эўрапейскай гаспадарцы рулёну туалетнай паперы хапае дзён на пяць.
  • На адзін візыт у прыбіральню амэрыканцам і эўрапейцам патрэбныя прыблізна 8,6 аркушаў паперы.

Афіцыйных зьвестак па выкарыстаньні туалетнай паперы беларусамі няма. Дзякуй Богу, мінулі часы, калі гэтая неабходная рэч была дэфіцытам, а газэты ў прыбіральні ня толькі чыталі.

Але сваю міні-ацэнку спажываньня туалетнай паперы можа зрабіць кожны.
­

SlaDa 12:00, 02/11/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0681 seconds.