Журналістку звольнілі з-за запісу ў ЖЖ
Звальненьне журналісткі расейскай «Камсамольскай праўды» Юліі Юзік з-за паста ў ейным ЖЖ наконт працы ў аддзеле палітыкі, выклікала шырокі рэзананс у Рунэце.
Журналістку Юлію Юзік толькі прынялі ў аддзел палітыкі «КП», нават яшчэ аформіць не пасьпелі цалкам, а ёй ужо прыйшлося пісаць тое, што яна ня думала насамрэч. Пра што і паведаміла Юлія ў сваім дзёньніку.
На той момант у яе было ўсяго некалькі дзесяткаў фрэндаў. Але запіс трапіўся на вочы вядомаму ў Рунэце юзэру dolboebу, які і паказаў пост сваім шматлікім фрэндам. Такім чынам, развагі Юліі над прафэсіяй сталі вядомымі ў шырокіх інтэрнэт-колах.
Прачнуўшыся раніцаю, журналістка пабачыла неверагодную колькасьць камэнтароў, часам дыямэтральна супрацьлеглых у адносінах да яе. І Юлія зразумела, што ў «КП» яна больш не працуе.
Засталося толькі прыйсьці ў рэдакцыю і ўпэўніцца ў гэтым. Пасьля гэтага Юлія абвясьціла, што ў журналістыку больш ні нагой.