Адысэя пакаленьня Y

Дн­ямі сацыёлягі загаварылі пра пакаленьне «адысэі» – людзей, якія затрымаліся між студэнцтвам і сталасьцю і ўпарта не жадаюць станавіцца дарослымі. ­Яны блукаюць у пошуках шчасьця і не задавальняюцца абы чым. Іх маладосьць – між «малышкай Брытні і дзядзькам Мікам».

Пакаленьне Y. Мы шмат ужо пісалі пра маладых і дзёрзкіх, пра тых, хто імкнецца да самарэалізацыі, разьлічвае на сябе і не баіцца аніякіх цяжкасьцяў. Мы параўноўвалі гэта пакаленьне з папярэднім – з нашымі бацькамі генэрацыі Х, а таксама гадалі, якімі будуць нашыя дзеці – Z.

А днямі амэрыканскія сацыёлягі пачалі гутарку пра новы тып пакаленьня – Адысэі.

Як кажуць на іншым мацерыку, пакаленьне, якое затрымалася між малышкай Брытні і дзядзькам Мікам (тым, які Джагер). Гэта людзі, якія ўпарта не сталеюць. Яны ў вечным пошуку. Пошуку сябе. І таму ў іх няма магчымасьці завесьці сям’ю, абжыцца, нават сабака для іх – сур’ёзны крок. Бо хто ведае, дзе яны апынуцца заўтра. Яны мяняюць працу за працай і ня ў стане падоўгу сядзець на месцы.

Гэта – пакаленьне адвечных шукальнікаў. Ім – ад 20 да 35 год.

«Быць сёньня 15-гадовым ці 35-гадовым амаль тое самае, што і 20 год таму, а вось цяперашнія 25-гадовыя – зусім іншыя людзі», – кажуць псыхолягі.

Згодна адной з папярэдніх клясыфікацыяў жыцьцёвага цыкла чалавека, вылучалася чатыры стадыі: дзяцінства, падлеткавы ўзрост, сталасьць і старасьць. Як адзначыў на мінулым тыдні культурны аглядальнік Дэвід Брукс, зараз іх як мінімум шэсьць: дзяцінства, падлеткавы ўзрост, адысэя, сталасьць, актыўны пэнсійны ўзрост і старасьць.

Такім чынам, трэба ўдакладніць, што пакаленьне Y знаходзіцца зараз у стадыі адысэі.

Час адысэі становіцца ўсё больш доўгім і ахоплівае пэрыяд між студэнцтвам і сталасьцю. Ня цяжка здагадацца, адкуль такі назоў: слова «адысэя» сымбалізуе шуканьні.

Па замове фонду Hewlett Foundation было праведзена дасьледваньне «Новыя дваццацігадовыя». І вось вынікі: калі ў 1970 у Амэрыцы толькі 21% 25-гадовых не былі ў шлюбе, то ў 2005 гэта лічба вырасла амаль утрая. Большасьць параў (65%) перад тым, як ажаніцца, пэўны час жывуць разам. А 18% мужчын і 14% жанчын ва ўзросьце 25-29 год усё яшчэ жывуць з бацькамі.

25% амэрыканцам ва ўзросьце 26-35 год цяжка адказаць, ці дасягнулі яны сталасьці.

Яно і зразумела: сьвет разьвіваецца занадта шпарка, нас захлынаюць плыні інфармацыі. Калі ў дзяцінстве мы марылі стаць доктарам, пажарным або балерынай, то да моманту сканчэньня ўнівэрсытэту зьявілася столькі новых прафэсіяў і магчымасьцяў, што ўпэўненасьць у правільнасьці зробленага выбару пахіснулася.

Мо таму і не жадаюць цяперашнія выпускнікі паслухмяна ехаць па разьмеркаваньні. Праца, якая прыносіць задавальненьне, стала рэальнасьцю, і «адысэі» выправіліся на пошукі такой працы.

Зьмяніліся і функцыі сям’і, як і роля жанчыны ў грамадзтве. На відэакасэце школьных гадоў большасьць маіх аднаклясніц адказала, што мараць мець шмат дзяцей і добрага мужа. Зараз ніхто не адмаўляецца ад такой пэрспэктывы, але гэта ўжо ня ёсьць марай. Хочацца атрымаць адукацыю, а то і не адну, павандраваць, нават папрацаваць:)

Больш таго, частка жанчын увогуле не зьбіраецца абзаводзіцца дзецьмі. Таму яскравы прыклад – амэрыканскі сэрыял «Sex and the City». Усе чатыры жанчыны належаць да пакаленьня адысэі. Пры тым, што і большасьці беларускіх дзяўчат гэтыя жыхаркі мэгаполіса сымпатычныя і зразумелыя.

Яшчэ адной адметнасьцю адысэі зьяўляецца размываньне generation gap. Нам прасьцей знайсьці паразуменьне з нашымі бацькамі, чым ім – са сваімі.

У мяне шмат сяброў, у якіх вельмі прасунутыя бацькі. Дый мая мама хутчэй нагадвае сястру: яна апранаецца ў моладзевых крамах, слухае тую ж музыку, што і я. У яе толькі адна сяброўка таго ж узросту, а рэшты камунікацыяў прыходзяцца на маё атачэньне.

І зараз я разумею – яна з адысэяў. Маладосьць нашых бацькоў прыпала на распад Саюзу. А значыцца, нечакана зьявілася процьма магчымасьцяў, скарыстацца часткаю якіх, па вядомых прычынах, нашыя бацькі так і не пасьпелі. Таму хтосьці пасьпяхова перайшоў на стадыю сталасьці, а хтосьці яшчэ блукае ў пошуках.

Дыяна Ўэст, аўтарка кнігі «Канец пакаленьня дарослых», лічыць, што амэрыканцы пераўтварыліся ў адвечных падлеткаў, якія ня ведаюць, што ёсьць добра, а што – не. Менавіта па ейным меркаваньні, маладосьць – гэта між малышкай Брытні і дзядзькам Мікам.

Рана ці позна «Адысэя» скончыцца. Але людзі гэтага пакаленьня ня будуць задаволеныя абы чым. Яны жадаюць быць шчасьлівымі.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.163 seconds.