За чатыры месяцы вулічных канцэртаў скрыпач сабраў 14 тысяч даляраў

Адзін зь лепшых брытанскіх скрыпачоў Дэвід Джурыц вярнуўся дахаты з поўным грашыма чахлом ад інструмэнту. За чатыры месяцы Дэвід даў вулічныя канцэрты ў 50 гарадох сьвету. Людзі накідалі яму 14 тысяч даляраў, а з дапамогаю інтэрнэту скрыпач сабраў яшчэ 46 тысяч даляраў. Сродкі пойдуць на музычную адукацыю дзяцей у розных краінах сьвету.

­

50-гадовы Дэвід пакінуў сваю лёнданскую хату 9 чэрвеня, і за гэты час аб’ехаў 50 гарадоў.

«Усё было больш экстрэмальным, чым я думаў. За выключэньнем таго, што насуперак маім чаканьням, мяне не арыштавалі. Як і не абрабавалі: я хадзіў па вуліцам з чахлом, поўным наяўных грошаў.»

Дэвід Джурыц – вельмі ўплывовы ў Вялікабрытаніі музыка. Сам ён нарадзіўся ў Паўднёвай Афрыцы, потым вучыўся ў Каралеўскім музычным каледжы. З тых часоў ягонай марай было граць сола Баха на маленькіх вулачках у самых розных кутках сьвету.

Ён распачаў свой тур «Вакол сьвету з Бахам» з прыпынку недалёка ад ягонай хаты, маючы за плячыма заплечнік, у рукох – скрыпку і пусты гаманец у кішэні. І сярод іншых, наведаў за гэты час Парыж, Вену, Хірасіму, Кампалу, Гон-Конг.

Самымі сквапнымі, па назіраньнях Дэвіда, аказаліся бэрлінцы: за цэлы дзень музыка назьбіраў усяго 11 эўра! У Ляйпцыгу справа пайшла лепей – 284 эўра за дзьве гадзіны.

Самымі шчодрымі аказаліся лёнданцы. На другім месцы гарадок Стэндфардзкага ўнівэрсытэту, Каліфорнія: 480 даляраў за паўгадзіны.

Дэвіда ўразілі дзеці ў Мантэвідэо, якія слухалі яго амаль гадзіну, а потым нават кінулі некалькі манэт у чахол. Тады ён падумаў, што менавіта для такіх дзетак трэба праводзіць урокі музыкі.

Дабрачынная кампанія Джурыца распачнецца са сталіцы Ўганды Кампалы, дзе 50-70 дзецям ва ўзросьце 11-17 год дадуць урокі музыкі.

Шкада, што Дэвід не даехаў да нас: на менскіх вуліцах Джурыц мог бы сабраць да ста баксаў за дзень, па дадзеным вулічных музыкаў, а адпачыўшы ў чыстым-сьветлым Менску, Дэвід мог бы рушыць на Ўсход – у Маскву.

Яўген Валошын, добравядомы ў вузкіх колах музыка, граў нядаўна на Арбаце:

«За 20 хвілін можна накасіць 15 даляраў. Сам я такімі рэчамі не займаюся. Але нядаўна мяне на гэта падбіў беларускі бард Зьміцер Казлоўскі. А ўвогуле мне не падабаецца, калі музыкі граюць у пераходах, жабруюць, ходзяць з капялюшыкам. Калі капялюш проста ляжыць побач і на мяне ніхто ня цісьне, я яшчэ падумаю. Хаця, гэта добры выхад для мэгаполіса: мо хтосьці, каб раслабіцца, не патраціць грошы на пляшку гарэлкі, а паслухае вулічных музыкаў.»

SlaDa 15:03, 19/10/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2297 seconds.