Кампанія Sony Ericsson — першая ў рэйтынгу Greenpeace

На апошнім месцы Nintendo. Кампаніі імкнуцца павышаць экалягічныя стандарты, бо сьвет пераходзіць на «зялёнае спажываньне». Больш таго, буйныя кампаніі распачынаюць уласныя праекты.

­

 

Бізнэс «зелянее»: усё больш і больш кампаніяў імкнуцца адпавядаць экалягічным стандартам. Гэта тлумачыцца ня толькі клопатам пра навакольнае асяроддзе, але і матэрыяльным разьлікам: спажыўцы становяцца больш адказнымі і аддаюць перавагу экалягічна бясьпечным таварам.

Ня толькі гіганцкія кампаніі змагаюцца за пакупніка «зялёнай зброяй». Сяброўка падаравала мне гумку для валасоў, якую набыла ў маленькай краме ў Амстэрдаме, пераплаціўшы за цэтлік «дзіцячая праца не выкарыстоўвалася».

І хаця «зялёнае спажываньне» да Беларусі яшчэ не дайшло, уся Эўропа ўважліва чытае этыкеткі і сочыць за рэйтынгамі кшталту таго, што робіць Greenpeace.

«Зялёныя» манітораць буйнейшыя кампаніі сьвету і складаюць рэйтынг па паказчыках ­экалягічнасьці.

Nokia згубіла пазыцыі, спусьціўшыся зь першага месца на дзевятае. Такі правал тлумачыцца невыкананьнем праграмы ўцілізацыі. Па выніках сьледчага экспэрыменту Greenpeace, прадаўцы ў крамах Nokia у Аргенціне, Расеі, на Філіпінах і Таіландзе адмаўляюцца прымаць старыя тэлефоны і нічога ня ведаюць пра абвешчаную кампаніяй праграму take-back.

Па гэткіх жа прычынах згубіла свае пазыцыі Motorola.

Упершыню Greenpeace уключыў у рэйтынг кампаніі гульнявай індустрыі. І адразу Nintendo стала першай кампаніяй, што атрымала 0 балаў з 10. За хімічны мэнэджмэнт Microsoft заслужыў 2,7 балы, але ня болей таго.

На адну прыступку ўверх падняўся Apple — дзякуючы зьмяншэньню долі таксынаў у iMacsiPods кампанія зараз на 11 месцы. Зрабіць сваё становішча лепшым Apple можа праз праграму ўцілізацыі і зьмяшчэньне інфармацыі пра тое, з чаго робіцца прадукцыя, на сваім сайце.

Greenpeace высока ацаніў посьпехі Samsung і Sony у зьмяньшэньні таксінаў і прысвоіў гэтым кампаніям другое і трэцяе месцы адпаведна.

Лепшай стала кампанія Sony Ericsson. І нават на першым месцы ёсьць прастора для ўдасканальваньня — кампанія зарабіла 7,7 з 10 балаў. Дарэчы, дзякуючы ўсё той жа ўцілізацыі і хімічнаму мэнэджмэнту.

Гэтыя дзьве пазыцыі істотныя, але не адзіныя, па якім Greenpeace ацэньвае кампаніі.

Некаторыя буйныя кампаніі не чакаюць ацэнак і рэкамэндацый, а самі распачынаюць экалягічныя праекты. Напрыклад, Google вырашыў, што настаў час Зямлі вызваліцца ад залежнасьці ад вугля і абвясьціў праект «RE-C» — распрацоўка альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі.

Склаўшы энэргію сьвятла, ветра і вады, Google зьбіраецца атрымаць адзін гігават узнаўляемай энэргіі, якая будзе таньнейшая за вугаль.

Лары Пэйдж, адзін з заснавальнікаў Google, упэўнены:

«Мы здольныя зьдзейсьніць праект ужо праз пару год, а не дзесяцігоддзяў. Аднаго гігавата дастаткова для такога гораду, як Сан-Францыска

На гэтыя мэты Google не пашкадуе дзесяткаў мільёнаў даляраў. Але тым не абмяжоўваецца: Google спансуе касьмічныя праграмы і дапамагае ААН змагацца з галечай.

Аднак, колькі электраэнэргіі спажывае сама кампанія, не вядома. Але кіраўніцтва паабяцала, што Google стане вугляроданэйтральным.

SlaDa 16:35, 29/11/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0061 seconds.