«J:морс» рыхтуе першы беларускамоўны альбом
17 кастрычніка гурт «J:морс» выпусьціў інтэрнэт-сынгал «Беларускае золата». А напачатку лістапада адбудзецца рэліз першага ў гісторыі гурта беларускамоўнага альбома.
Песьня «Беларускае золата» была напісаная Ўладзімірам Пугачам літаральна месяц таму.
«Само словазлучэньне «беларускае золата» я ўпершыню пачуў некалькі год таму, яно мне падалося цікавым. А песьня зьявілася гэтай восеньню. Я зранку выйшаў на гаўбец і зразумеў – вось яно, беларускае золата! Да вечара былі гатовыя музыка і словы. Запісалі яе таксама вельмі хутка. Мабыць, апошні раз такое было тры гады таму, калі літаральна за некалькі дзён была напісаная і запісаная «Вместе навсегда»,- распавёў Уладзімір.
Інтэрнэт-сынгал утрымлівае дзьве вэрсіі песьні. Першая, студыйная, днямі ўжо зьявілася на радыёстанцыях Менску і Беларусі. Другая, канцэртная, была запісаная напрыканцы верасьня падчас выступу ў Віцебску. У беларускамоўным альбоме будзе толькі студыйная вэрсія кампазыцыі.
Спампаваць сынгал можна на афіцыйным сайце гурта «J:морс» (www.jmors.by).
Паводле прэс-службы гурта