У кітайскай ВНУ адкрылася катэдра ўкраінскай мовы
У Беларусі пашыраецца ўплыў кітайскай мовы. З 1-га сьнежня 2006-га году ў БДУ працуе Інстытут Кітаязнаўства, усё болей першаклясьнікаў вывучае кітайскую мову ў школе. Украіна пайшла іншым шляхам - студэнты Шанхайскага ўнівэрсытэту міжнародных стасункаў будуць вывучаць украінскую мову.
Старшыня Назіральнай рады Міжнароднага дабрачыннага фонду «Украіна 3000» Кацярына Юшчанка адкрыла катэдру ўкраінскай мовы ў Шанхайскім унівэрсытэце міжнародных стасункаў.
Як паведамляе сёньня «Ўкраінская праўда», жонка прэзыдэнта Ўкраіны перадала ад імя фонду ў падарунак катэдры бібліятэку на ўкраінскай мове, у якую ўваходзяць кнігі па гісторыі, культуры і ўкраінскіх традыцыях.
У сваім выступе, Кацярына Юшчанка патлумачыла такую ініцыятыву:
«Я наведала Кітай па пытаньнях Алімпіяды і зразумела, які вялікі патэнцыял ва
ўкраінска-кітайскіх стасунках у сфэры культуры, адукацыі, эканомікі. Спадзяюся, што менавіта студэнты стануць той крытычнай масай, якая напоўніць гэтыя стасункі новым зьместам і дынамікаю.»
Дарэчы, Шанхайскі ўнівэрсытэт міжнародных стасункаў — адна зь вядучых ВНУ Кітаю. Украінская мова стала трынаццатаю замежнаю моваю, якую там вывучаюць.