«Каханьне вайны і сэксуальнасьць»

Вайна можа забіць людзей, але пакуль яны жывуць, жывыя і іхнія чалавечыя пачуцьці і інстынкты. У Парыжы адкрылася незвычайная выстава, якая адлюстроўвае адваротны бок вайны — «Каханьне вайны і сэксуальнасьць», прысьвечаная сэксуальнаму жыцьцю жаўнэраў ва ўмовах ваеннага часу. Яна ахоплівае перыяд дзьвюх сусьветных воўнаў — з 1914 па 1945.

Арганізавалі выставу тры францускія гісторыкі — Франсуа Раке, Фабрыцыюс Віржылі і Даніэль Вольдман. У вайсковых архівах Францыі, Нямеччыны, ЗША, Вялікабрытаніі і Расеі яны адшукалі дакумэнты, якія тычыліся інтымнага жыцьця жаўнэраў у гады Першай і Другой сусьветных войнаў.

На выставе прадстаўлены 480 экспанатаў. Сярод іх плякаты, паштоўкі, карціны, фотаздымкі, прыватныя дзёньнікі, літаратурныя і паэтычныя творы. Акрамя таго, усе жадаючыя змогуць праглядзець прысьвечаныя гэтай тэме матэрыялы зь кінаархіваў, праслухаць ваенныя песьні.

Варта адзначыць, што салдаты расейскай арміі былі прадстаўленыя на выставе ў даволі пікантным выглядзе: на плякаце 1917 — выява сплеценых мужчынскіх целаў. Гаворка йдзе аб гомасэксуальным каханьні.

А сярэднестатыстычнага салдата ў ЗША Першай сусьветнай эратычныя малюнкі сустракалі ля дзьвярэй прызыўнага пункта: паўаголеныя дамы рэклямавалі амэрыканскую зброю. Нягледзячы на гэта, дзяржава кантралявала адносіны мужа і жонкі, стрымліваючы сэксуальную жарсьць сваіх «сыноў і дачок». Амэрыканскія ўлады нават зьбіраліся пазбаўляць пэнсіі за здраду не Радзіме, а… жонцы.

Вайсковае кіраўніцтва Францыі ў гады Першай сусьветнай імкнулася абмежаваць кантакты салдатаў з прастытуткамі, каб не дазволіць эпідэміі сыфілісу. Праблема была вырашаная з вынаходніцтвам пэніцыліну. Бардэлі атрымалі рэжым найбольшага спрыяньня. Нямецкія і францускія плякаты нагадвалі салдату: «Ідзі ў бардэль: не заставайся сам-насам з вулічнай прастытуткай» і «Не прагаварыся на падушцы!».

Так што армейскі піяр бывае розным.

Аднак гісторыя любові ў ваенных умовах мае нямала змрочных старонак: напрыклад, можна пабачыць дакумэнтальныя здымкі гвалтоўнай стрыжкі нагала францужанак, прызнаных «нямецкімі падсьцілкамі».

А разынкай выставы стаў здымак Лі Мілер, мадэлі, фатографа і ваеннай журналісткі, якая сфатаграфавалася ў асабістай лазанцы Гітлера.

Мэта выставы — паказаць, што вайна можа забіць людзей, але пакуль яны жывуць, жывыя і іхнія чалавечыя пачуцьці і інстынкты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.