Ворша - зноў унівэрсытэцкі горад
У Воршы зноў зьявіцца вышэйшая навучальная ўстанова, паведаміў старшыня Варшанскага гарвыканкаму Валеры Шабадалаў. Па ягоных словах, у новым навучальным годзе плянуецца адчыніць філію Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта сэрвіса (МДУС).
Фінансуецца гэты праект з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Першыя 35 студэнтаў ужо прыступілі да заняткаў на факультэце, што быў адчынены ў 2004 г Смаленскай філіяй МДУС, паведамляе БЕЛТА.
Памяшканьні для заняткаў даў мясцовы педкаледж, лекцыі чытаюць выкладчыкі з Смаленску.
Па словах Шабадалава, вядзецца падрыхтоўка да адкрыцьця ў Воршы ў 2004-2005 навучальным годзе яшчэ адной філіі палітэхнічнай вну. Вышэйшая адукацыя ў Воршы, падкрэсьліў старшыня гарвыканкаму, будзе арыентаваная на падрыхтоўку перадусім інжынэраў вышэйшай кваліфікацыі, патрэба ў якіх у горадзе з разьвітым машынабудаваньнем, па прагнозах спэцыялістаў, вырасьце.
Гэта далёка ня першая спроба Воршы аднавіць статус унівэрсытэцкага горада (на пачатку стагодзьдзя тут знаходзіўся шырока вядомы педагагічны інстытут). У 1991 г. адчыніўся Вышэйшы тэхнічны каледж, у 1998 г. - філія Беларускага камэрцыйнага ўнівэрсытэта кіраваньня. Аднак, яны праіснавалі толькі некалькі гадоў і былі зачыненыя.