На прыёме ў Зыгмунда Фрэйда
На мінулым тыдні мне пашчасьціла трапіць у прыёмную доктара Фрэйда. Так-так, менавіта таго доктара Фрэйда, бацькі псыхааналізу. Гэта трэба бачыць, а пакуль я вам распавяду асноўнае.
Музэй Зігмунта Фрэйда знаходзіцца ў Вене на вуліцы Бэрггассэ 19, у кватэры, дзе знакаміты псыхіятар жыў і прымаў пацыентаў большую частку сваёй практыкі – з 1891 да 1938, пакуль ён ня быў змушаны эміграваць у Брытанію пасьля далучэньня Аўстрыі да нацыскай Нямеччыны.
Сам Фрэйд нарадзіўся на тэрыторыі Чэхаславакіі і паходзіў з габрэйскай сям'і. Таму заставацца ў нацыскай Вене проста нельга было і пасьля таго як СС зачасьціла ў ягоны дом, а над уваходам у пад'езд развесілі свастыку прафэсар вырашыўся на пераезд. Ягоныя сёстры не пасьпелі выехаць і загінулі ў нацыскім канцлягеры.
Унутраныя дэкарацыі самога музэю былі створаны ў 1971-м годзе з дапамогай малодшай дачкі Анны Фрэйд, якая таксама аддала жыцьцё навуцы аб псыхааналізе. Яна ж перадала музэю частку арыгінальнай мэблі з кватэры Фрэйда, а таксама частку антычнай калекцыі свайго бацькі, і мноства арыгінальных дакумантаў, фотаздымкаў і відэа з сямейнага архіву. Усё разам дае магчымасьць дакрануцца і адчуць жыцьцё, якім жыў Фрэйд, яго культурнага асяродку і разьвіцьця псыхааналізу.
У мэдыя-пакоі музэю без перапынку паказваецца 20-хвілінная нарэзка з сямейнага відэа з камэнтарамі Анны Фрэйд. Можна пабачыць ужо немаладога прафэсара (пасьля 80-ці год) сярод яго дзяцей і унукаў і бліжэйшых сяброў.
Акрамя іншых музэй спадабаецца аматарам парадку і рознага кшталту класіфікацыяў. Усе экспанаты (уключаючы люстэрка для туалету ў вандроўках, любімыя цыгары і пэнснэ) тут пранумараваны (разам з пакоямі).
Пры ўваходзе вам выдаюць кніжыцу на мове, якая вам больш падабаецца (на жаль толькі беларускай няма), дзе патлумачаны кожны экспанат і кожны пакой. Да таго ж амаль кожны запіс суправаджаецца словамі самога Фрэйда: адпаведнай цытатай зь яго аўтабіяграфіі ці вытрымкай з перапіскі альбо публікацыяў. У выніку наведвальнікі атрымоўваюць уражаньне размовы з самім псыхааналітыкам.
Некалькі фактаў, якія я ня ведала пра Фрэйда:
У спадара Зігмунта было тры найвялікшыя жарсьці ў жыцьці: ён страшна любіў паліць цыгары, вандраваць і зьбіраць прадметы антычнага пэрыяду. Трэба зазначыць, што ўсе тры рэчы ён сапраўды рабіў на ўсе сто. Аднак менавіта паленьне прывяло яго да раку рота, у выніку чаго ён перанёс больш за 30 апэрацыяў на рот і не могучы трываць боль, угаварыў свайго сябра Макса Шура даць яму трайную дозу марфіна ў 1939 годзе.
Што тычыцца антычных рэчаў, то ягонай калекцыя была сапраўды ўражваючай і ўся знаходзілася ў яго працоўным кабінеце, дзе, відавочна, ня так проста было выціраць пыл.
Пакоі Зігмунда Фрэйда - усё як і 100 год таму
Вандроўка па музэі пачынаецца з пакою для чаканьня, абсталяванага арыгінальнай мэбляй. Усё гэтак жа як і 100 год таму. Канапа, пара фатэляў, 2 столікі, шафы з кнігамі і антычнымі статуэткамі і шмат фота і дыплёмаў на сьценах. Трэба заўважыць, што на пачатку 20-га стагодзьдзя дыплёмы выдаваліся такіх памераў, што сапраўды было што павесіць на сьценку і ганарыцца.
У кнізе-экскурсаводзе напісана, што менавіта ў гэтым пакоі да 1910-га году зьбіралася Wednesday Evening Society (таварыства па вечарах у сераду), якое ў выніку ператварылася ў Міжнароднае таварыства псыхааналітыкаў. Назва Wednesday Evening Society адразу выклікала асацыяцыі з аўторкамі добрых людзей Generation.bY. А хто ведае, спадарства, у што гэта ўсё выльецца? :)
Разглядаючы прыватныя рэчы бацькі псыхааналізу, таксама падумалася, што беларускія дактары так не разборліва пішуць менавіта таму, што проста спрабуюць хоць чымсьці быць падобнымі на Фрэйда, а почырк у яго быў як кажуць доктарскі. Інакш, як гэта можна патлумачыць?
У двух пакоях, дзе ён працаваў (пакой для прыёму пацыентаў і працоўны кабінет) мэблі зараз няма. Паўсюль экспанаты, а таксама на ўсіх сьценах вісяць вялізныя фота кожнай асобнай сьцяны, якія агулам ствараюць атмасфэру абстаноўкі, што была ў той час.
Вось, напрыклад, знакамітая кушэтка (the Couch), якая стала неад'емным сымбалем псыхааналізу, а таксама выкарыстоўвалася шматлікімі эксцэнтрыкамі 20-га стагодзьдзя (напрыклад, Эндзі Ўорхал). Менавіта так выглядала кушэтка, на якую клаў сваіх пацыентаў доктар Фрэйд.
А вось так выглядаў яго працоўны пакой. Там ўсё яшчэ стаіць спэцыяльна распрацаванае крэсла для працы за сталом і чытаньня, а таксама гэтак жа на вакне вісіць люстэрка. У яго можна зазірнуць і падумаць, чаму Фрэйд трымаў яго менавіта так. Бачна таксама вялікая колькасьць антычных фігурак і розных старажытных выяваў, якія заўсёды знаходзіліся ў навакольлі прафэсара.
У музэі ёсьць яшчэ шмат чаго, на што можна паглядзець. Напрыклад, фільмы пачатку 20-га стагодзьдзя, натхнённыя вучэньнем псыхааналізу. Да прыкладу, фільм дзе адлюстраваныя сны прадстаўнікоў розных прафэсіяў, бібліятэка і музэй псыхааналізу. Адным словам, гэта варта бачыць!
Выкарыстаныя фота з сайтаў traveladventures.org, courses.washington.edu.