Палюбоўніца - шлях да краху кар'еры
Калі ў Амэрыцы або Эўропе ўжо прызвычаіліся да пікантных падрабязнасьцяў прыватнага жыцьця палітыкаў, то ў Кітаі за наяўнасьць палюбоўніцы або развод функцыяэнэры вылятаюць з сваіх фатэляў.
Усяго некалькі тыдняў засталося да XVII зьезду партыі – самай важнай палітычнай зьявы ў Кітаі. Як лавіна, кожныя пяць год зьезд накрывае кітайцаў, і менавіта ў гэты момант прымаюцца рашэньні, хто якую пасаду зойме, а каго проста зьнясе з палітычных вяршыняў.
Простаму люду мала што вядома аб мужчынах пры ўладзе (ці трэба казаць, што жанчыны ў гэтае кола не трапляюць за ну вельмі рэдкім выключэньнем). Строга кантралюемыя газэты публікуюць толькі сухія біяграфіі: вучоба, уступленьне ў партыю, папярэднія пасады. Прыватнае жыцьцё першых асобаў, у адрозьненьні ад Эўропы або Амэрыкі, - гэта табу. Аднак аб іх сем’ях, хобі, раманах і скандалах простым кітайцам часам вядома больш, чым аб сваіх уласных.
Прапагандысцкая машына КПК прыўздымае покрыва таямніцы толькі тады, калі тая ці іншая асоба апынаецца выкінутай з кола абраных.
Зараз пэкінскія газэты раптам высьветлілі, што ў вышэйшых колах звычайная справа - мець адну і нават болей палюбоўніц. А ў краху кар’еры гэтых мужчын большай часткаю вінаватыя жанчыны.
З 16 карумпаваных функцыянэраў узроўню міністра, якія зьбіліся зь вернага шляху за пэрыяд, які мінуў з апошняга зьезду:
«14 зь іх мелі палюбоўніцу, некаторыя нават не адну. Многія злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі ў імя сэксуальных забаваў», - распавяла жахлівую праўду газэта «Пэкінскія навіны».
У 10 з гэтых 16-ці выпадкаў чыноўнікі паклапаціліся і пра нерухомасьць для сваіх зусім маладзенькіх каханак.
Зразумела, што дзеля хаты ў новым жылым квартале «Замак Рэгалія» з шыкоўным аўто ля брамы, многія кітайскія прыгажуні пагодзяцца на любыя прапановы камуністычных босаў.
Але нямногія зь іх заплюшчаць вочкі, калі ў адзін цудоўны дзень уплывовы палюбоўнік знойдзе сабе чарговую дзеўчыну.
У такіх выпадках пакрыўджаныя дамы пачынаюць помсьціць і часьцей за ўсё – з дапамогаю шантажу. Таму гулёны-чыноўнікі вымушаныя шукаць дадатковыя крыніцы прыбытку.
Некаторыя жанчыны выкладаюць пікантныя фотаздымкі ў сеціве. Апошняй ахвярай жаночай помсты стаў 63-гадовы Пан Цзяюй: ягоныя 11 палюбоўніц аб’ядналіся і данесьлі куды трэба пра ягоныя карупцыйныя зьдзелкі ў будаўнічай сфэры.
Гэта дае простым кітайцам глебу для плётак і насьмешак. Так, адзін кітайскі блогер, які кліча сябе «Мячом справедлівасьці», зьмясьціў у інтэрнэце «8 парадаў функцыянэрам, якія маюць палюбоўніцу».
Так, блогер раіць сачыць за выдаткамі: па ягоных падліках, на адну сяброўку сыходзіць ад 300 да 900 тысяч юаняў штогод, пры тым што заробак чыноўніка – 30-50 тысяч юаняў у год.
А апошняя парада – актыўна працаваць над «ідэалягічным выхаваньнем» палюбоўніцы – разам зь ейнай палітычнай сьвядомасьцю растуць і шанцы на бязвоблачную кар’еру.
Жарты жартамі, але ж з 15 чэрвеня бягучага года ў Кітаі дзейнічаюць правілы, згодна якім пазбаўляюцца пасады тыя, хто мае палюбоўніцу, пакідае сваю сям'ю, не дапамагае бацькам або парушае вядомую формулу «адна сям'я - адно дзіця».
А інфармацыю пра прыватнае жыцьцё беларускіх чыноўнікаў нават у сеціве ня знойдзеш. За рэдкім выключэньнем.