Аўстралійцы Curse ov Dialect у Беларусі: «Рэспэкт усім культурам сьвету!»

Трэба бачыць – гэта якраз пра тое, што робяць на сцэне Curse ov Dialect. Умееш ты танчыць ці не – тваё цела само пачне рухацца ў такт музыцы. Так можна апісаць нядзельнае шоў у Менску. У межах эўрапейскага турнэ аўстралійцы з этна-псыха-гіп-гопам завіталі ў Беларусь. Сёньня Curse ov Dialect можна засьпець яшчэ ў Баранавічах, а заўтра – ў Берасьці. Хто, як, чаму і навошта?

Хто такія? 

Каманда існуе з 1994 года і ўжо выпусьціла 5 альбомаў. Тое, што яны робяць – гэта не звычайны гіп-гоп. Гэта шоў. Трэба быць ці надта сьмелым ці надта простым, каб вырабляць на сцэне такое. Касьцюмы іх па-за конкурсам! Танцы адпаведныя.

Аўстралійскі Curse ov Dialect насамрэч яднае пяцёх хлопцаў з багатымі этнічнымі паходжаньнямі – мальтыйскае, македонскае, індыйскае, маёры і пакістанскае. Яны выступаюць за ўнікальнасьць і разьвіцьцё ўсіх культураў сьвету, але ніякая культура ня мусіць дамінаваць над іншай.

Curse ov Dialect на менскай сцэне

 

Такое адчуваньне, што сцэна між гуртом і слухачамі адсутнічала. Хоць для гурта з такімі заваднымі танцамі яе было дакладна малавата. А мова між сьпевамі была нейкай ангельска-беларускай мяшанкай – і на сцэне і побач зь ёй.

Аўстралійцы хутка арыентаваліся і падхоплівалі з натоўпу розныя беларускія выразы, чым моцна радавалі прысутных.

А ў самыя эмацыйныя моманты некаторыя ўдзельнікі гурта саскоквалі са сцэны і заводзілі натоўп непасрэдна на танц-пляцоўцы. 

Curse ov Dialect кажуць «Сядайце!» і ўсе сядаюць на падлогу – і гледачы, і самі выканаўцы. «Заплюшчыце вочы» – і ўсе заплюшчваюць.

Што чуваць пра Беларусь на аўстралійскім кантынэнце? 

Піва беларускага аўстралійцы не паспрабавалі, бо ў прынцыпе не аматары піва, а вось на пытаньне пра гарэлку гарэзьлівая ўсьмешка аднаго з удзельнікаў гурта была зразумелая і без моўных акалічнасьцяў.

Якія асацыяцыі былі ў Curse ov Dialect пра Беларусь?

«Аляксандар э-э-э... something, большасьць чамусьці размаўляе па-расейску, некалі была часткай Расеі, візу атрымаць цяжка», – падзяліліся хлопцы сваімі пазнаньнямі ў гісторыі Беларусі з Generation.by. А вось у пытаньні, што даведаліся новага, аўстралійцы салідарныя з большасьцю замежнікаў: «Прыгожыя дзяўчаты і людзі шмат усьміхаюцца».

Ну а як жа глядзець на Curse ov Dialect без усьмешкі? Разьвесяляць каго-заўгодна. Хоць шчыра прызналіся, што міліцыі беларускай пабойваліся, калі ехалі да нас. У Аўстраліі зрабіць беларускую візу немагчыма, таму хлопцы атрымлівалі яе ў Баўгарыі – чакалі тры дні, але ўсё пасьпяхова.

Як аўстралійцаў занесла ў Беларусь

Papa Bo, які арганізаваў канцэрт Curse ov Dialect у Беларусі, распавёў Generation.by, што зладзіць канцэрты аўстралійцаў, было ня так і проста:

«Спачатку былі доўгія перакананьні, прабіваньне канцэртаў у суседніх краінах, каб было прасьцей зрабіць візу і меней патраціць грошаў на дарогу.»

Дарэчы, зладзіць канцэрты Curse ov Dialect у Літве і Польшчы таксама дапамагаюць беларусы – Papa Bo і кампанія.

«Усё атрымалася найперш дзякуючы Дзіме Ску з Баранавічаў, які іх знайшоў, рабіў візы, маляваў афішы і дамаўляўся пра канцэрты ў Баранавічах і Берасьці. Дзякуй журналістам, якія дапамагалі зь інфармаваньнем, іншым прома-групам, якія не пакінулі ў бядзе.»

Пазнаёміліся беларусы з Curse ov Dialect на Myspace.com, дзе ўпершыню пачулі іх трэкі і загарэліся ідэяй прывезьці аўстралійцаў у Беларусь. Да таго ж, Curse ov Dialect пачулі трэк беларускага «Нагуаль» і самі прапанаваліся калі-небудзь выступіць разам.

«Па атмасфэры ўсё пераўзыйшло нашыя чаканьні… Мы ж нават не бачылі іх ўжывую, слухалі іх трэкі, бачылі кліпы на Youtube, але ня ведалі, як гэта будзе ўжывую. Яны пераўзыйшлі ўсе нашыя спадзевы. Хоць зь фінансавага боку ўсё нашмат горш,» – дзеліцца ўражаньнямі Papa Bo.

У межах эўрапейскага турнэ Curse ov Dialect наведаюць яшчэ Польшчу, Аўстрыю, Нідэрлянды, Бэльгію, Швэйцарыю, Францыю, Турцыю, Нямеччыну і Італію.

Фота - Юра Сідун

­­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0711 seconds.