Чаму студэнты ў БДЭУ галодныя

Хто б падумаў, што асноўнай праблемай пяцікурснікаў стануць пустыя прылаўкі ўнівэрскага буфэту, а тэмай усіх размоваў - што яшчэ можна набыць і да якой гадзіны працуе сталоўка. Як зомбі, скітаюцца безь пяці хвілін дыпляманаваныя спэцыялісты па цёмных калідорах у пошуках ежы.

Чаму студэнты ў БДЭУ галодныя

Сталоўка – культавае месца ў любым унівэры. Калі яшчэ на першых курсах хтосьці наіўна ходзіць займацца ў чыталку, то пасьля менавіта сталоўка становіцца месцам для заняткаў, камунікацыяў, прагульваньня параў. Ну і зразумела, для харчаваньня.

Сталоўка эканамічнага ўнівэрсытэта – наргасу – бадай, лепшая. Колькі булачак, кексаў, вушак, слоікаў, капэртаў, пірозіваў было зьнішчана наргасьнікамі за пяць год навучаньня!

Таму праблема пятага курса толькі на першы позірк можа падацца несур’ёзнай. Людзі вось-вось стануць маладымі спэцыялістамі і павядуць краіну да сьветлай будучыні. А могуць жа і не дайсьці да дыплёмаў – цёмныя часы голаду наступаюць у наргасе на трэцяй зьмене. Тут часам і другая скардзіцца. Але, народ, дажывіце да трэцяй, і вы зразумееце, як шмат у вас было...

Не, канешне, у продажы аж да самага канца – а канец наступае а восьмай, то бок за дзьве гадзіны да канца заняткаў выпускнікоў – ёсьць і кава, і гарбата, і вафлі, і чакалядкі. Але ж хочацца цёпленькіх, амаль як хатніх, сьвежанькіх мучных вырабаў.

І гэта не толькі мая прыватная пазыцыя. На якім паверсе вы б ні былі, у якую частку ўнівэру не патрапілі – нават у прыбіральні дзеўкі размаўляюць не пра апошнія дасягненьні эканамічнай навукі або, на скрайняк, фэшн-індустрыі, а пра тое, якія яны галодныя.

Канешне, можна сказаць, што мы зусім зажэрліся – можна і сабойкі з хаты браць. Ды і дэкан неяк намякнуў, што да гэтага часу варта ўжо і павячэраць, і што зусім аб іншых рэчах мусіць думаць студэнт. Але выпіць кубачак кавы з кексам – гэта ж ужо рытуал, залог добрага пачатку вучэбнага дня... Менавіта з прыемных дробязяў часта складаецца шчасьце :)

Тым больш, што многія студэнты працуюць, а потым адразу на заняткі, так што ня тое што павячэраць, паабедаць не заўсёды пасьпяваюць. Ды ладна мы, дзяўчаты, зьядзім які ёгурт на скрайні выпадак, а мужчынам жа патрэбна мяса!

А на лекцыях толькі і размоваў, хто зьбіраецца спусьціцца ў буфэт і што там яшчэ можна знайсьці, чым запасьціся на апошнюю пару, калі ўсё зачыніцца. А калі хто вернецца, пераможна трымаючы ў рукох коржык, адразу пачынаецца дзьвіжуха: усе цікавяцца, ці шмат коржыкаў там яшчэ засталося. Што рабіць, няма кексу - палюбіш і коржык.  

Набыўшы ў першы вучэбны дзень апошні плаўлены сырок «Арбіта» і сьпяшаючыся па цёмным і пустым калідоры на заняткі, я ўсур’ёз задумалася над будучыняй беларускай эліты.

P.S. Яшчэ ў наргасе самыя лепшыя – камунікабельныя, вясёлыя і непаўторныя – буфэтчыцы. Усіх іх памятаеш зь першага курсу, некаторыя ўжо нават загадзя ведаюць, што табе патрэбна, а галоўнае – яны са спачуваньнем ставяцца да пакут пятага курсу :)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3864 seconds.