Выміраючы від: студэнтам у Беларусі працягваюць ставіць помнікі

Беларускія ВНУ яшчэ толькі падлічваюць балы абітурыентаў, але ўжо цяпер зразумела, што ўніверсітэты недалічацца тысяч патэнцыйных студэнтаў: мінімум траціна ахвотных проста не мела права падаваць дакументы, бо заваліла ЦТ па мовах ці матэматыцы з фізікай. Ды агулам маладых людзей абітурыенцкага ўзросту ў краіне значна паменела: выпускнікоў школаў на 30 тыс. менш, чым у лепшыя гады, а старэйшае пакаленне ўжо збольшага атрымала ці то дыплом, ці то разуменне, што ён асабліва не патрэбны.

Ці стане панятак студэнт «выміраючым» у Беларусі? Наўрад ці нехта з Міністэрства адукацыі дасць станоўчы адказ. Хаця само кіраўніцтва ўніверсітэтаў празрыста намякае: час ставіць помнікі студэнтам.

Мы выбралі пяць найбольш заўважных помнікаў студэнтам, што апошнім часам паўсталі ў Беларусі.

БДУІР, Менск. Помнік самім сабе на ўласныя грошы

Каб паставіць сабе помнік, студэнтам БДУІР давялося пашнарыць па ўласных кішэнях. І знайсці грошы на адліўку першага ў краіне студэнта з ноўтам. Зрэшты, знешнія назіральнікі не здзівіліся: у выпускнікоў гэтага ўніверу імідж тых, хто нядрэнна зарабляе.



БДЭУ, Менск. Студэнт ад Лука 

Гэты студэнт, які моцна нагадвае Францыска Скарыну ў маладыя гады, стаіць ля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту. Афіцыйная прычына з'яўлення помніка — 80-годдзе ўніверсітэту. Аўтар — менскі скульптар Павал Лук.



ПДУ, Полацк. «Свабодалюбівы і адухоўлены студэнт незалежных поглядаў» 

Менавіта такія сапраўдныя рысы беларускага студэнта вылучылі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце пасля таго, як было прынятае рашэнне паставіць помнік мясцоваму студэнту. Дарэчы, аднаму з першых у краіне. Нагода была адпаведнай: імкненне ўганараваць першую на тэрыторыі Беларусі вышэйшую навучальную ўстанову, якая з'явілася ў Полацку яшчэ пры Стэфане Баторыі. 

ПДУ, Наваполацк. Кампанія студэнту

Паставіўшы помнік студэнту, кіраўніцтва Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту задумалася: усё ж большасць студэнтаў ва ўніверсітэце і ў Беларусі — дзяўчыны. Значыць, трэба ўганараваць іх. Хутка быў абвешчаны конкурс эскізаў, і ля карпусоў універсітэту ў Наваполацку з'явілася скульптура студэнткі, якая ўвасабляла ўжо не дух сярэднявечча, але сучаснай Беларусі. То бок мабільнік, джынсы і сэкс.


Гомельская сэксі-студэнтка 

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны таксама маюць помнік студэнтцы. З’явіўся ён у пачатку 2011 года і паводле легенды ініцыятарамі былі студэнты гэтай ВНУ. Дзеля выбару самага-самага варыянту з некалькіх эскізаў адміністрацыяй быў абвешчаны конкурс. У холе ўніверсітэта студэнты мелі магчымасць зрабіць выбар сярод эскізных варыянтаў скульптур. Падобна, што галасавалі пераважна хлопцы, бо перамагла праца Яны Канавалавай, на якой студэнтка выглядае вельмі разняволенай.




Алесь Bezuher 20:51, 31.07.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0517 seconds.