Брытанскія дыплёмы абясцэньваюцца
Які сэнс у вышэйшай адукацыі, калі твае калегі, якія скончылі каледж, атрымоўваюць такі ж заробак. Але такія праблемы характэрныя ня толькі для Вялікабрытаніі, але і для Беларусі. Пытаньне ў эфэктыўнасьці іх вырашэньня і памеры той самай зарплаты.
Усе мы ведаем пра якасьць брытанскай адукацыі. ВНУ Вялікабрытаніі трымаюцца на вышэйшых прыступках рэйтынгаў лепшых навучальных установаў сьвету.
Але апошнім часам палітыка падвышэньня колькасьці спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй да 50% (зараз 43) выклікае крытыку. Справа ў тым, што брытанскія дыплёмы па шэрагу спэцыяльнасьцяў абясцэньваюцца.
Гэта значыць, што тыя, хто інвэставаў у сваю будучыню, не атрымоўваюць патрэбнага вяртаньня сродкаў. Асабліва гэта тычыцца выпускнікоў мастацкіх і гуманітарных ВНУ: іхныя заробкі мала адрозьніваюцца ад заробкаў калегаў без дыплёму аб вышэйшай адукацыі.
Таму Інстытут адукацыі, які дасьледуе праблему, прапануе ня толькі не павялічваць колькасьць студэнтаў ВНУ, а яшчэ і падняць плату за адукацыю, але рабіць гэта абіральна.
Усё проста: чым больш будзе атрымоўваць выпускнік, тым вышэй мусяць каштаваць прадметы па яго спэцыяльнасьці. Зараз у Вялікабрытаніі максымальна дазволены кошт адукацыі – 3 тысячы фунтаў за год. Дасьледчыя ўнівэрсытэты настойваюць на 6 тысячах.
Хаця гэта і ня тычыцца ўсёй брытанскай адукацыі. З дыплёмам па дакладных навуках або бугальтарскаму ўліку па-ранейшаму можна атрымаць істотны заробак. А вось выпускнікі гуманітарных спэцыяльнасьцяў, такіх, як гісторыя, мастацтва, француская або ангельская літаратура, маюць самыя нізкія заробкі. Бугальтары атрымоўваюць на 40% болей за іх.
Згодна папярэднім дасьледваньням, выпускнікі ВНУ атрымаюць у пэрыяд з 21 да 60 год на 160 тысяч фунтаў болей, чым тыя, хто скончыў каледж. Самы высокі дадатак у мэдыцыне – плюс 340 315 фунтаў за дыплём аб вышэйшай адукацыі.
Інжынэры за дыплём атрымаюць дадатковыя 243 730 фунтаў. А географы і гісторыкі толькі 51 549 фунтаў, і то, калі пашанцуе.
Згодна гэтым жа самым падлікам, сярэдні ўзровень адсотку на інвэстыцыі ў адукацыю трымаецца на ўзроўні 13,2 у год.
Таксама апанэнты крытыкаў бягучай сытуацыі нагадваюць і пра нефінансавыя выгоды і такую важную рэч, як задавальненьне ад працы.
Гэта ўсё ў Вялікабрытаніі. У нас на дзяржаўным узроўні вяртаньне «інвэстыцый у будучыню» ніхто не падлічвае. Дый абітурыенты, здаецца, на першае месца ставяць не фінансавыя фактары. А перавагу аддаюць не задавальненьню ад працы, а прэстыжу прафэсіі.
Такая ж самая праблема стаіць і ў нас. Толькі ніхто не заклапочаны яе вырашэньнем. Дый маштабы розныя. Дакладна становішча настаўніка гісторыі ў Вялікабрытаніі будзе лепшым параўнальна такога ж спэцыяліста ў Беларусі.
На жаль, пралічыць вяртаньне інвэстыцыяў у адукацыю немагчыма, бо часта будучыя заробкі залежаць не ад якасьці атрыманай адукацыі, а ад сувязяў.
Але, напрыклад, кандуктар у аўтобусе атрымоўвае 700 тысяч на месяц, і яму ня тое што вышэйшая, сярэдняя адукацыя не патрэбная, а малады выкладчык унівэрсытэта можа разьлічваць прыблізна на тысяч 400, дый яшчэ звольняць на лета, каб не плаціць адпускныя.