Live fast, die young
У рок-музыцы памерці рана значыць зрабіць добрую кар’еру. Мёртвыя рок-ідалы часам прадаюць больш кружэлак, чым за ўсё сваё жыцьцё. Але ці насамрэч рок- і поп-зоркі паміраюць рана? Або яны проста зьнікаюць з увагі публікі і паміраюць праз дзесяцігодзьдзі, нікім незаўважаныя?
Група дактароў Лівэрпульскага ўнівэрсытэта Джона Мура вырашыла гэта праверыць. Яны склалі сьпіс з 1064 знакамітых музыкаў, з Элвісам Прэсьлі і Эмінэмам уключна. Затым дактары падлічылі, тых хто памёр, і параўналі ўзровень сьмяротнасьці музыкаў з тым жа паказчыкам сярод звычайнага насельніцтва Амэрыкі і Эўропы.
Стэрыятыпнае жыцьцё рок-зоркі выглядае наступным чынам: узяў гітару ў рукі вельмі рана, затым добра заправіўся алкаголем і наркотыкамі і дакладна напляваў на парады дактароў есьці пяць розных садавінаў цягам дня.
Але дасьледчыкі заўважаюць, што скандальныя сьмерці зорак у раньнім узросьце выклікаюць ажыятаж у мэдыях, яны на слыху ў кожнага, у той час як шматлікія звычайныя сьмерці ў сталых гадох праходзяць незаўважна. Таму складваецца агульнае ўражаньне, быццам рок-зоркам проста наканавана памерці маладымі і прыгожымі.
З 1064 абраных музыкаў, 100 памерлі да 2005. Гэта ў два разы больш, чым магло б быць сярод той жа колькасьці звычайных людзей.
Верагоднасьць сысьці з жыцьця вышэй у першыя гады славы. Пры тым паказчыкі сьмяротнасьці вышэй у амэрыканскіх ідалаў.
Ня цяжка здагадацца, што становіцца прычынай сьмерці. Правільна, наркотыкі і алкаголь. У Эўропе гэтыя «сябры» рок-н-ролу забілі 28 адсоткаў з памершых музыкаў, 7 адсоткаў загінулі ў аварыях, дзе таксама не абышлося без алкаголя і наркотыкаў, 3,5 адсоткі памерлі ад хранічных захворваньняў.
У Штатах перадоз унёс жыцьці 15 адсоткаў, хранічныя захворваньні зьвязаныя з залежнасьцю – 10 адсоткаў, аварыі ў стане наркатычнага або алкагольнага апьяненьня – 3 адсоткі.
Сардэчныя прыступы сярод эўрапейскіх рок-музыкаў сталі прычынаю сьмерці толькі ў 3,5 адсоткаў выпадкаў, у той час як у амэрыканскіх зорак сэрца не вытрымала ў 18 адсотках.
Сярэдні ўзрост маладой сьмерці ў Эўропе – 35 год, а ў Амэрыцы – 42.
Дарагія і любімыя беларускія рок-зоркі, прызадумайцеся! Не забывайцеся штодня зьядаць моркву і яблык, а спаць класьціся да поўначы. А на наркотыкі, спадзяемся, грошаў ня хопіць.