Мэталісты разьвітваліся зь летам у «Рэактары»
Выступоўцы і вядучы раскідваліся кашулькамі з адпаведным лягатыпам, часткамі музычных інструмэнтаў, а публіка ў адказ радасна трэсла патламі ды раўла «мяса!». Так 31-га жніўня ў клюбе «Рэактар» прайшла другая частка прэзэнтацыі «Metallection-4».
Музычныя зборкі, падобныя «Metallection-4» прыхільнікі цяжкога року чакаюць як «маны нябеснай» - на сёньняшні момант праект ня мае аналягаў на Беларусі. Аднак, такая адсутнасьць канкурэнтаў не перашкаджае арганізатарам імкнуцца ўдасканальвацца ў пляне арганізацыі канцэрту.
Як вынік – так званага «разагрэву» на прэзэнтацыі «Metallection-4» заўважна ня было. Канцэрт пачаўся «зь месца ў кар'ер» прывітаньнем гітарыста Nightside glance, ахвяраваўшага сваім фанатам пас ад інструмэнта.
Zygimont Vaza сыграў частку старой праграмы, павесяліўшы прысутных добрай сумесьсю цяжкога року і рок-н-ролу і рыфмаваным радком «зашыхтуе ўсіх ушчэнт валасаты атрамэнт», пераробленым адмыслова пад «мэталёвую» прэзэнтацыю.
«Вага» канцэрта узрастала разам са зьменай гуртоў – ад цяжкага рок-н-ролу да амаль бруталу. Наступным этапам павялічэньня колькасьці мэталу ў выступах была «вялікая надзея» арганізатараў - гурт Soulsides, і гурт Euphoria.
Фінальны акордам у прэзэнтацыі сыграў адмысловы госьць Vicious Crusade. Доўгая адсутнасьць на сцэне і ангельскамоўны тэкст песень (з выразным беларускім зьместам!) ня здолелі перашкодзіць яго фанатам сустрэць «вішэсаў» як сьлед. Такія песьні, як Lost Generation, сьпявала ўся заля. Некаторыя з фанатаў спэцыяльна прыехалі з рэгіёнаў, каб прывітаць вяртаньне Vicious Crusade і сфатаграфавацца зь імі.
Набыць дыскі і кашулькі «Metallection-4» можна было перад уваходам у залю.
На жаль, ня ўсім гуртам хапіла часу для поўнага выступу. А сыграць было што. Магчыма, арганізатарам адзінага беларускамоўнага цяжкога фэсту на Беларусі - BMA, Паўлюку Йермаку, Сяргею Азаранку (Astron) і Андрусю Старавойтаву – варта падумаць над правядзеньнем «Metallection-5» у тры часткі.