Са школьнай праграмы выкрэсьлілі знакавыя творы Купалы і Быкава, а таксама цэлы шэраг аўтараў
У новым навучальным годзе з школьных праграмаў выкінутыя творы Генадзя Бураўкіна, Вольгі Іпатавай, Сяргея Законьнікава, Сьвятланы Алексіевіч, Анатоля Сыса, Уладзімера Някляева, Леаніда Дранька-Майсюка, Уладзімера Арлова і многіх іншых. Адсутнічаюць вызначальныя творы Купалы, Быкава, Шамякіна.
Пачало зьдзяйсьняцца тое, пра што гаварылася ў незалежнай прэсе на пачатку году. У новавыдадзеных праграмах па беларускай і расійскай літаратуры для сярэдніх школаў (Менск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2007) выразна праглядаюцца сьляды ўсёмагутнае цэнзуры й «нястомнай дзейнасьці» чаргінцоўскага Саюзу пісьменьнікаў.
Першае, што кідаецца ў вочы пра пабежным праглядзе праграмаў па беларускай літаратуры, — гэта поўная адсутнасьць якіх-кольвечы згадак пра купалаўскіх «Тутэйшых» ва ўсіх разьдзелах праграмаў. Вось жа, Купала й атрымаў падарунак на сваё 125-годзьдзе ад сучасных «тутэйшых» ды іх памагатых!
У разьдзелах пра літаратуру 1930-1950-х гадоў няма ані паўслоўца пра зьняволеньне ды фізычнае вынішчэньне бальшыні тагачасных беларускіх літаратараў — так што Леаніду Маракову няма чаго высільвацца, выдаючы чарговыя тамы з прозьвішчамі «ахвяраў і катаў»… Натуральна, што з праграмаў зьніклі і быкаўская «Аблава», і нават «Ахвяры» Івана Шамякіна.
Што ж зьявілася на месцы тых твораў, што вывучаліся раней у якасьці абавязковых? Ну, вядома ж, гэта творы ўсюдыіснай Раісы Баравіковай (вершы, п’еса «Барбара Радзівіл») і «шэдэўры» Георгія Марчука («Давыд-гарадоцкія каноны»). Вось жа, нічога новага пад Месяцам няма: вяртаньне «прыпасаднай клясыкі» ідзе поўным ходам.
Вельмі нялюбым для ананімных складальнікаў новых праграмаў зрабіўся Ўладзімер Арлоў: толькі дзьве ці тры ягоныя кнігі згадваюцца ў сьпісах літаратуры «для пазакласнага чытаньня». Пра вывучэньне на занятках «Часу чумы» альбо «Еўфрасіньні Полацкай» гаворкі не вядзецца.
Сярод «новых імёнаў» сучаснай беларускай літаратуры згадваюцца такія «геніяльныя» літаратары, як К..Жук, Т.Трафімава, З.Падліпская (ах, я зусім забыўся: яна ж цяпер працуе ў Міністэрстве адукацыі!), М.Шабовіч альбо В.Шклярава, але прозьвішчаў Уладзімера Някляева, Вінцэся Мудрова, Барыса Пятровіча, Валянціна Акудовіча, Лявона Вольскага альбо Андрэя Хадановіча вы там не сустрэнеце. Няважна, што менавіта гэтых аўтараў сёньня выдаюць ва Ўкраіне, Польшчы, Швэцыі, Чэхіі, Польшчы ці Нямеччыне. Галоўнае ж — не пакрыўдзіць «сваіх» і, у першую чаргу, самых сябе.
У сваю чаргу, у праграмах па расійскай літаратуры (ХІ—ХІІ класы) зьмешчаныя цэлыя разьдзелы пад сумнеўнай з навуковага гледзішча назвай: «Русская литература Беларуси». Там ідзе згадка пра такіх «геніяў пяра», як М.Чаргінец, А.Скарынкін, А.Аўруцін, В.Паліканіна, С.Трахімёнак, але, вядома, «забытыя» Сьвятлана Алексіевіч, Радзіслаў Лапушын ці Андрэй Курэйчык.
Пры чытаньні праграмаў кідаецца ў вочы немалая колькасьць недакладнасьцяў, спасылак на няісныя альбо маральна састарэлыя выданьні.
Вядома, аўтар гэтых радкоў і не спадзяваўся, што ў праграмах могуць быць згаданыя напісаныя ім адмыслова для старшаклясьнікаў і настаўнікаў кнігі «Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму» і (у суаўтарстве з П.Васючэнкам і М.Тычынам) «Беларуская літаратура і сьвет». Але што сапраўды ўразіла, дык гэта тое, што ў двух месцах (с.145—146 і с.210) артыкулы Л.Баршчэўскага «Старагрэцкі эпас: Гамер», «Старагрэцкая драма: тэатр», «Старагрэцкая проза» і «Літаратура Старажытнага Рыму», некалі апублікаваныя ў часопісе «Роднае слова», прыпісаныя аўтарству Тацяны Шамякінай.
Вядома, цешыць, што ў праграмах па беларускай літаратуры засталіся «Знак бяды» Быкава, «Чужая бацькаўшчына» Адамчыка, «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, апавяданьні Міхася Стральцова, паасобныя вершы Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Генадзя Бураўкіна альбо Ніла Гілевіча. Але пры гэткім імпэце сёньняшніх «рэфарматараў» ніхто ня можа гарантаваць, што і яны адтуль ня зьнікнуць і што ўжо наступнаму пакаленьню дзетак не давядзецца вывучаць беларускую літаратуру па перакладзеных на беларускую мову тварэньнях Сяргея Трахімёнка, Анатоля Аўруціна, Андрэя Скарынкіна альбо Тамары Красновай-Гусачэнкі…
Я далёкі ад таго, каб пераацэньваць у сёньняшняй Беларусі — зь сёньняшнімі настаўнікамі і зь сёньняшняй дзяржаўнай адукацыйнай палітыкай — ролі беларускай літаратуры як гуманітарнай дысцыпліны. Але, далібог, наша літаратура не заслугоўвае таго, каб ад і надалей ад яе імя імкнуліся прамаўляць графаманы й проста хворыя людзі.
Лявон Баршчэўскі, Наша Ніва