Швэцыя: «За студэнцкую парту – без алькаголю!»

Традыцыя прысьвячэньня ў студэнты ў Швэцыі, вядомая сваімі «дзедаўшчынскімі» замашкамі, насьцярожвае ня толькі першакурсьнікаў. Сёлета кіраўніцтва ўнівэрсытэта швэдзкага горада Лінчэпінг у мэтах змаганьня з п’янствам у час цырымоніі, забараніла ўжываньне алькаголю магутнасьцю вышэй «сярэдняга» піва – 4,5%.

Колькасьць вечарынак таксама скарачаецца – прапануецца ладзіць хаця б праз дзень, а не кожны вечар.

У Швэцыі стаўленьне да цырымоніяў сустрэчы першакурсьнікаў, якія зазвычай адбываюцца ў канцы жніўня і пачатку верасьня і ладзяцца студэнтамі старэйшых курсаў, неадназначнае.

Традыцыя, якая па-швэдзку завецца «нольнінг» (nollning), даспадобы ня ўсім. Яе параўноўваюць з абразьлівай дзедаўшчынай у войску. Студэнты старэйшых курсаў – «дзяды», а малодшых – «духі». Ну і адносіны паміж імі адпаведныя.

Але ёсьць такія, што зьяўляюцца гарачымі прыхільнікамі «нольнінгаў».

Адно са спаборніцтваў па-швэдзку называецца «пакунак». Колькі нулёвак (студэнтаў-першакурсьнікаў) можна запакаваць у машыну Ніссан мадэлі мікра? На апошніх спаборніцтвах каманда-пераможца ўпакавала ў гэтую машыну 23 чалавекі за 57 сэкундаў, паведамляе "РИА Новости" са спасылкай на швэдзкае радыё.

Фота - ixus.alaknoleion.nu

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3452 seconds.