У Маскве затрымалі 30 падробнікаў студэнцкіх праязных

Кошт месячнага праязнога ў маскоўскім мэтро - 30 даляраў. Таму падробнікі студэнцкіх картак атрымалі «нестудэнцкія» прыбыткі - 600 тыс. даляраў. Але сёньня тры вялікія групоўкі махляроў былі выкрытыя. Сярод падробнікаў аказаліся студэнты і выкладчыкі, дзейнасьць якіх распаўсюджвалася на ўсе навучальныя ўстановы сталіцы Расеі.

Праезд у менскім грамадзкім транспарце, у тым ліку і ў мэтро, даражэе з заўтрашняга дня. Але Менск – не Масква. У нас поўны квіток каштуе 600 рублёў, а каб пракаціцца ў маскоўскім мэтро, трэба выкласьці 17 рублёў, толькі ўжо расейскіх, што на нашыя грошыкі – амаль паўтары тысячы. А месячны праязны на мэтро – ажно 30 даляраў. Таму масквічы і «госьці сталіцы» актыўна набывалі падробныя студэнцкія карткі на льготны праезд. А попыт, як вядома, нараджае прапанову.

І вось сёньня маскоўская міліцыя гучна завяршыла апэрацыю пад кодавым назовам «Студэнт». На працягу некалькіх месяцаў праваахоўчыя органы расейскай сталіцы сачылі за злачынцамі, якія падраблялі студэнцкія праязныя карткі ў мэтро.

У выніку былі раскрытыя тры злачынныя групоўкі, якія дзейнічалі незалежна адна ад адной, арыштаваныя болей за 30 чалавек, сярод якіх як студэнты, так і выкладчыкі.

Страты бюджэту Масквы ад дзейнасьці падазроных перабольшылі 50 млн рублёў (каля 2 млн даляраў). У выпадку далейшай дзейнасьці афэрыстаў да канца гэтага году грашовыя выдаткі могуць узрасьці яшчэ на 60 мільёнаў рас. рублёў (2,4 млн даляраў).

Затрыманыя групы мелі агульную мэтодыку арганізацыі падрыхтоўкі фальшывых дакумэнтаў, неабходных для падману супрацоўнікаў мэтрапалітэну пры афармленьні ільготных студэнцкіх картак.

Усе тры групоўкі вялі «чорную бугальтэрыю», па якой міліцыя выявіла, што паслугамі такога бізнэсу скарысталіся некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

Ці вартая была гульня? Так, студэнцкія сацыяльныя карты даюць магчымасьць ільготнага праезду ў мэтро і каштуюць 162 рас. рублі (6,5 даляры). У той час як звычайная карта – 770 рас. рублёў (30,8 даляраў). Розьніца мэтрапалітэну аплачваецца зь бюджэту Масквы.

А розьніца сур’ёзная. Таму і набывалі грамадзяне падробныя праязныя за 2500 рас. рублёў (100 даляраў) – на год, атрымоўваецца 208 рас. рублёў (8,32 даляры) на месяц. Эканомія больш чым 500 рас. рублёў (20 даляраў). Пры жаданьні можна было замовіць студэнцкі квіток адразу на 5 курсаў.

Цяпер затрыманым пагражае тэрмін да 5 год.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.