Навукоўцы шукаюць музычны ген
Днямі амэрыканскія навукоўца прыйшлі да высновы, што за абсалютны музычны слых адказвае адмысловы ген. Ёсьць ён толькі ў 1 чалавека з 10 тысяч. Зараз навукоўцы спрабуюць ідэнтыфікаваць гэты ген.
«Мядзьведзь на вуха наступіў» – кажуць мільёны людзей на прапанову сьпець. Адсутнасьць музычнага слыху – вялікая праблема, асабліва калі душа патрабуе сьвята. Гадзіны заняткаў, дзесяткі выпітых сырых яек не дапамогуць – навукоўцы прыйшлі да высновы, што за музычны слых адказвае адмысловы ген. Ну а калі яго няма – нішто не дапаможа.
Толькі 1 чалавек з 10 тысяч мае ідэальны слых – здольнасьць распазнаваць любы гук з першай спробы.
Ідэя, што за музычны слых можа адказваць адзін або два гены, прыйшла ў галаву Джэйн Гітчэр з Унівэрсытэту Каліфорніі. Цягам трох год працоўная група пад еёным кіраўніцтвам шукала людзей з абсалютным слыхам. Былі знойдзены 2200 чалавекі, якія прайшлі тэст: 20 хвілін тыя вызначалі, якім нотам адпавядаюць пачутыя імі гукі.
«Было заўважана, што людзі маюць альбо абсалютны слых, альбо не маюць музычнага слыху ўвогуле,» - падкрэсьліла Гітчэр.
Таксама дасьледчыкі высьветлілі, што здольнасьць адрозьніваць танальнасьць толькі абвастраецца з гадамі.
Цікава, што самай складанай для распазнаваньня зьяўляецца нота «соль дыез».
Спадарыня Гітчэр паведаміла, што зараз група працуе над выяўленьнем гена з дапамогай геннай мапы. Калі музычны ген знойдуць, пастараюцца высьветліць, што такога непаўторнага ў людзях, якім пашчасьціла зь ім нарадзіцца.
Ну а тым, хто не нарадзіўся зь песьняй, раім ня мучыць сваё атачэньне няроўнымі, але гучнымі воплямі з лазанкі і зьмірыцца зь лёсам.