Cтаніслаў Шушкевіч вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру
Былы кіраўнік краіны, старшыня Вярхоўнага Савету, можа атрымаць напрыканцы кастрычніку Нобэлеўскую прэмію міра. Як ставіцца сам Шушкевіч да гэтай падзеі і ці марыў калі атрымаць тую ж узнагароду, але па фізыцы?
Вылучэньне Станіслава Станіслававіча Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію міру адбылося дзевяць месяцаў таму, а інфармацыя пра гэта зьявілася толькі нядаўна. Па словах самога Станіслава Станіслававіча, ён гэта ўжо перажыў і зараз проста спакойна чакае. Хаця яму, безумоўна вельмі прыемна. Кандыдатуру Шушкевіча прапанаваў Лех Валэнса, колішні прэзыдэнт Польшчы, і шэраг вядомых асобаў сьвету.
Для многіх пачатак 1990-х – гэта часы чэргаў і адсутнасьці кіўбасы. Зараз, на тле актыўнага будаўніцтва гіпермаркетаў і запоўненых прылаўках народ паціху забывае, што зрабіў Станіслаў Шушкевіч для Беларусі.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету і кіраўнік краіны можа атрымаць самую ганаровую ўзнагароду сьвету за:
- Ініцыятыву і рэалізацыю вываду тактычнай і стратэгічнай ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі;
- За ініцыятыву сустрэчы ў сьнежні 1991 году кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якія падпісалі Белавескія пагадненьні, што фактычна замацавалі развал СССР;
- За актыўны ўнёсак у мірны раскол расейскай каляніяльнай імпэрыі, якая існавала ў выглядзе Савецкага Саюзу;
- За ўклад у бесканфліктнае пераўтварэньне СССР у незалежныя рэспублікі;
- За адданасьць прынцыпам міру, дэмакратыі, правоў чалавека і прапаганду гэтых прынцыпаў.
У палітыку Шушкевіч прыйшоў з навукі: доктар фізыцы і матэматыцы, аўтар 150 публікацыяў і 50 вынаходніцтваў, сябра-карэспандэнт Акадэміі навук. Generation.by пацікавіліся, ці марыў Станіслаў Станіслававіч калі-небудзь атрымаць Нобэлеўскую прэмію па фізыцы:
«Як навуковец, я разумеў, што тая навука, якой я займаўся, была вельмі далёка ад такога вось прызнаньня. Па нашых мерках я быў ня самым дрэнным навукоўцам, але гэта іншага кшталту ўзровень. Таму не, ніколі не паўставала такой думкі. Затое ў мяне быў сябар у БДУ, фізік-тэарэтык, які таксама вылучаўся на прэмію, але пра гэта ніхто ня ведаў. На жаль, ён памёр.»
У 2002 Шушкевічу была прызначаная дзяржаўная пэнсія ў памеры 1 даляр 80 цэнтаў. Калісьці першы чалавек рэспублікі вымушаны самастойна клапаціцца пра сябе – балазе, яго з радасьцю прымаюць вядомыя ўнівэрсытэты сьвету:
«Больш за ўсё я працую ў Польшчы, але і ва Ўкраіне выкладаю. Нават у Расеі і, як ні дзіўна, у Паўднёвай Карэі.»
Падавалася б, Нобэлеўская прэмія магла б цалкам вырашыць праблемы Шушкевіча з пэнсіяй:
«Верагоднасьць атрыманьня вельмі малая, а праблемы з пэнсіяй я вырашаю пакуль што сваёй працай. У мяне многа прапановаў па рабоце. Калі такі цуд адбудзецца, то больш за ўсё я хачу падтрымаць беларускія незалежныя мас-мэдыі, бо народ дызінфармаваны, і гэта трэба скончваць.»
Мы ўсе чакаем вынікаў, якія будуць вядомыя ў сярэдзіне кастрычніку, і жадаем Станіславу Станіслававічу атрымаць прэмію, якой ён сапраўды варты. А галоўнае, каб ня толькі ў сьвеце, але і на радзіме памяталі, які ўнёсак зрабіў Шушкевіч у справу міра на Беларусі.