Сучаснасьць у цытатах
У апошнім выданьні Оксфардзкага слоўніку сучасных цытат шмат новых, вельмі інтрыгуючых выразаў, якія малююць наш сьвет ва ўсіх яго колерах.
Падборка ад The Independent адлюстроўвае рэаліі нашага жыцьця.
Дуглас Адамс, брытанскі пісьменьнік:
«Час – гэта ілюзія, бавіць час – падвоеная ілюзія»
Альфрэд Адлер, аўстрыйскі псыхоляг:
«Лягчэй змагацца за свае прынцыпы, чым жыць па іх»
Ролан Барт, францускі літаратуразнаўца і літаратар:
«Любое прыгнятаньне пачынаецца з забароны мовы»
Тоні Блэр, экс-прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі:
«Я чалавек даволі такі чэсны»
Білі Коналі, шатляндзкі камэдыянт:
«Калі жадаеце скінуць вагу, ня ешце расфасаваныя ў вядзерцы прадукты»
Эліс Купер, амэрыканскі сьпявак:
«Прайшлі тыя часы, калі я пісаў песьні аб незадаволенасьці сьветам для падлеткаў. Зараз я незадаволены, калі не магу падняць дах свайго Porsche альбо не магу зьнізіць свой хэндзікап у гольфе»
Квэнцін Крысп, ангельскі пісьменьнік:
«Эўфэмізмы – гэта непрыемныя ісьціны, араматызаваныя адэкалёнам дыпляматычнасьці»
Філіп К. Дзік, амэрыканскі пісьменьнік-фантаст:
«Рэчаіснасьць – гэта такая рэч, якая нікуды не падзенецца, калі ты страціш у яе веру»
Марлен Дытрых, амэрыканская актрыса нямецкага паходжаньня:
«Глямур – гэта тое, што прадаю ў сваіх выступах. І каштуе ён вельмі дорага. Гэта мой фірменны тавар»
Браян Іно, брытанскі музыка і прадусар:
«Калі выйшаў альбом Velvets, амаль ніхто яго не набыў, але тыя хто зрабіў гэта, сабралі пасьля свае бэнды»
Доўн Фрэнч, брытанская актрыса:
«Калі б я жыла ў часы Рубенса, то стала б вядомай мадэльлю, а Кейт Мос была б пэндзьлікам для маляваньня»
Джэймс Голдсьміт, брытанскі фінансіст:
«Ажаніўшыся з палюбоўніцай, ты ствараеш вакантнае працоўнае месца»
Мэт Грэнінг, амэрыканскі гумарыст:
«Няма нічога лепшага за дзяцей: іх можна навучыць ненавідзіць тое, што ненавідзіш сам. Да таго ж яны самі сябе гадуюць – ёсьць жа інтэрнэт і ўсё такое» (Гомэр Сімпсан)
Дэвід Хокні, брытанскі мастак:
«Пісаць аўтапартрэты пачынаеш таму, сам сабе натуршчык – танны натуршчык. Я да таго, што ад сябе нікуды не падзенесься»
Эн Ландэрс, амэрыканская журналістка:
«На любой вечарыне людзі заўсёды падзяляюцца на дзьве катэгорыі: тыя, хто хоча дахаты, і тыя, хто не. Праблема ў тым, што першая катэгорыя ў шлюбе з другой»
Біл Мэйхэр, амэрыканскі комік:
«Самазабойства – гэта спосаб сказаць Богу: «Вам мяне ня звольніце, я сыходжу па ўласным жаданьні»
Элтан Сінклер, амэрыканскі пісьменьнік:
«Цяжка прымусіць чалавека штосьці зразумець, калі яму плацяць зарплату за тое, каб ён гэтага не разумеў»
Лінда Сміт, брытанскі комік:
«Я заўсёды слухаю кантры задам наперад: твой каханы вяртаецца, твая сабака ўваскрасае, а ты сама не сьпіваесься»