Новы вораг — тытунь

У Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя (РЦГЭіГЗ) ўпершыню на Беларусі распрацавалі «Комплексную праграму барацьбы супраць тытуню на 2008-2010». Сярод рэкамэндацый ёсьць нават пункт аб забароне паленьня пры прыёме на працу. Зараз паліць траціна дарослага насельніцтва Беларусі.

­ stop smoke

Праграма насамрэч комплексная – цэлых 14 старонак. Тыя, хто яе асіліць, змогуць узяць удзел у грамадзкім абмеркаваньні ёйнага зьместу. Канчаткова праграму прымуць напрыканцы году.

У краіне ўжо забаронена паленьне ў шэрагу публічных месцаў. Хаця і няма гутаркі пра поўную забарону паленьня ў грамадзкіх месцах, асобныя, свабодныя ад тытуню зоны, ужо створаны. На Беларусі забараняецца паліць ва ўстановах аховы здароўя і адукацыі, у дзіцячых парках, у менскім Батанічным садзе.

І хаця афіцыйна паведамляецца аб посьпехах, хай сабе і невялікіх, штодня можна стаць сьведкаю парушэньня нават гэтых нястрогіх захадаў.

Пры гэтым, згодна рэспубліканскім сацыялягічным дасьледваньням за 2001-2006, доля палячага насельніцтва зьнізілася на 9,3%. На сёньняшні дзень паліць траціна дарослага насельніцтва краіны, сярод мужчынаў паліць 51,3%, сярод жанчынаў – 16,3%. А траціна з палячых (11,8%), і ў першую чаргу моладзь 16-25, выказвае жаданьне кінуць дурную звычку. Большая частка беларусаў лічыць, што ёсьць патрэба ў больш жорсткіх захадах барацьбы з паленьнем.

А дапамагаць у гэтым будуць амаль усе міністэрствы і ведамствы. Пра фінансаваньня праграмы пакуль нічога не вядома. Для рэалізацыі будзе створаны «Нацыянальны каардынацыйны ворган па барацьбе супраць тытуню».

Аднак ніякіх радыкальных мераў праграма не прапаную – з большага інфармацыйна-азнакамляльныя. Магчыма забарона зьмяшчэньня на пакунках цыгарэт надпісаў, якія паніжаюць шкоду паленьня, кшталту «лёгкія», «мяккія», «зь нізкім утрыманьнем смол». Хаця на большасьці замежных марак такіх пазначэньняў ужо няма ў адпавежнасьці з эўрапейскім заканадаўствам.

Самым сур’ёзным намерам зьяўляецца выкарыстаньне працоўнага фактару. У праекце комплекснай праграмы пазначана неабходнасьць «раіць кіраўнікам арганізацыяў аховы здароўя, спорту і турызму, установаў адукацыі пры прыёме на працу і падпісаньні кантрактаў увесьці пункт аб забароне паленьня...».

Таксама плянуецца абараніць тых, хто ня паліць, ад цыгарэтнага дыму. У праекце – абвяшчэньне месцаў масавага зьбіраньня людзей (паркаў, сквэраў, месцаў адпачынку, гатэляў, лесьвічных пляцовак, прыпынкаў грамадзкага транспарту і інш.) зонамі, свабоднымі ад паленьня.

Калі праграму прымуць, а пазьней змогуць ажыцьцявіць, то да 2010, па прагнозах, актыўнае спажываньне тытунёвых вырабаў сярод асобаў маладзей 15 год зьнізіцца на 20%, ва ўзроставай групе 16-20 год – на 10%, 21-30 год – на 7%, старэйшых за 30 – на 5%.

SlaDa 18:14, 16/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.