На рэктара Баранавіцкага ўнівэрсытэта падалі ў суд

Гэта зрабіў выкладчык логікі Анатоль Янкоўскі. Ён скардзіцца, што з-за Васіля Качуркі яго пазбавілі законнага адпачынка.

Гэтым летам кіраўніцтва БарДУ без тлумачэньня прычын не падоўжыла кантракт з Анатолем Янкоўскім – адзіным кандыдатам навук на фінансава-прававым факультэце. Як лічыць сам Анатоль Архіпавіч, гэта было зроблена з парушэннем закона.

У 2005-м пасля першых паўгода працы ў БарДУ Анатоль Янкоўскі атрымаў поўны адпачынак у 56 календарных дзён. Сёлета ён хоць і выйшаў на пэнсію, але працягваў працаваць у БарДУ. Кіраўніцтва ўнівэрсытэта дало на адпачынак 24 дні, але тут жа іх забрала – зьнялі "аванс" за мінулы год. Усё быццам зроблена правільна, але Анатоль Янкоўскі спасылаецца на працоўны кодэкс, дзе ўказваецца, што здымаць авансавы адпачынак з пэнсіянэра нельга.

Былы выкладчык логікі БарДУ вырашыў падаць на рэктара універсітэта ў суд. Ён павінен адбыцца 15 жніўня.

Анатоль Янкоўскі лічыць, што кантракт з ім не падоўжылі з прычыны ягонага вальнадумства. Нібыта атачэньне рэктара Качуркі стараецца закрыць усе вакансіі ва ўнівэрсытэце падкантрольнымі сабе людзьмі. На месцы дасведчаных выкладчыкаў прыходзяць маладыя, які трапляюць у БарДУ, што называецца, "па сувязях".

З-за гэтага вялікія праблемы з дысцыплінай і ўзроўнем адукацыі. Па Баранавічах ходзяць чуткі, што студэнты БарДУ пры жаданьні могуць набыць курсавую працу проста на катэдрах. Бацькі выпуснікоў скардзяцца: дзецям пасля сканчэньня ўнівэрсытэта вельмі цяжка знайсьці працу. Працадаўцы аддаюць перавагу уладальнікам дыплёмаў іншых ВНУ.

Нагадаем, што Баранавіцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт адкрыты летам 2004 года па ўказе прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Праз год у БарДУ здарыўся скандал: нехта прадаў абітурыентам адказы на тэсты да ўступных экзаменаў. Многія абітуарыенты-завочнікі набіралі 100 балаў са 100 магчымых. Пасьля гэтага там яшчэ не аднойчы ўзьнікалі канфліктныя сітуацыі. Да прыкладу, па палітычных матывах адлічвалі студэнтаў.

Bulletinonline.org

10:00, 15/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.