Карлаў унівэрсытэт будзе выкладаць беларускую мову

Інстытут славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх ведаў філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту (Прага, Чэхія) з новага навучальнага году пачне выкладаць беларускую мову. Такое жаданьне выказалі самі студэнты славістыкі.

Філязофскі факультэт Карлавага ўнівэрсытэту

У лютым гэтага году студэнты зьвярнуліся да адміністрацыі:

«Беларуская мова без сумневаў зьяўляецца культурнаю спадчынай Эўропы. Гэта скарб дадзены Вялікім Княствам Літоўскім, скарб са сваімі асаблівасьцямі: старажытнасьцю й чысьцінёю, які займае ганаровае месца ў сям'і славянскіх моваў. На сёньняшні момант які, на жаль, знаходзіцца пад вялікаю пагрозаю.

Таму мы, ніжэй падпісаныя студэнты, жадаем каб кіраўніцтва Інстытуту зрабіла ўсё неабходнае да правядзеньня навучаньня беларускае мовы на ФФ УК і каб усе зацікаўленыя  людзі дапамаглі ў дасягненьні гэтае мэты.»

Зараз ад кіраўніцтва праскае славістыкі прыйшла добрая навіна. Беларуская мова ў межах Інстытуту славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх ведаў філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту вывучацца будзе.

«Ад акадэмічнага году 2007/2008 будзе рэалізаваны двухсэмэстравы курс беларускае мовы для пачынаючых пад кіраўніцтвам доктара Юрася Бушлякова» - напісана ў афіцыйным дакумэнце, які студэнты атрымалі ад кіраўніка Сэмінарыі ўсходнеэўрапейскіх ведаў доктара філязофіі Марэка Пршыгоды.

«Акадэмічны бок ФФ УК вельмі адчувальна ставіцца да праблемаў з акадэмічнымі свабодамі ў сучаснай Беларусі. Вывучэньне гэтае мовы мажліва і мы наблізім малым крокам працэс паразуменьня й больш цесных стасункаў з усімі дэмакратычна думаючымі людзьмі на Беларусі» - дадаў дэкан ФФ УК доктар філязофіі Міхал Стэглік.

Даведка.
Карлаў унівэрсытэт («Karlova Univerzita») – гэта старэйшы ўнівэрсытэт у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Унівэрсытэт быў заснаваны ў 1348 годзе і меў тады 4 факультэты: мастацкі, мэдыцынскі, юрыдычны і тэалёгіі. Сёньня Карлаў Унівэрсытэт складаецца з 17-ці установаў і факультэтаў, у якіх навучаюцца 42000 студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3432 seconds.