Сяргей Кузін: Масква – гэта вялікая Азія, а Кіеў душэўны і па-добраму раздаўбайскі

 

Smile now, cry later – напісана на татуіроўцы, зь якой Кузін жыве ўжо амаль 15 год і цалкам верыць у гэтыя словы. У жыцьці гэтага чалавека было шмат нечаканых паваротаў, лёс закідваў яго ў самыя розныя куткі сьвету. Нарадзіўшыся ў Нямеччыне, адслужыўшы ва ўкраінскім войску, Кузін апынуўся у Штатах, пасьля запусьціў адзін з самых пасьпяховых праектаў у Беларусі – Альфа радыё. Ну а зараз жыве ў Кіеве і зьяўляецца намесьнікам старшыні Рады дырэктараў кампаніі «Тавр», куды ўваходзяць Рускае радыёХіт-фмКісс-фм, а таксама кампанія ладзіць буйны фэст «Таўрыйскія гульні». Сакрэты посьпеху, цікавыя ўспаміны й амбіцыйныя пляны – ў гутарцы зь Сяргеем Кузіным

Згодна Кузіну, чалавеку, каб дасягнуць посьпеху, неабходны неверагодная працаздольнасьць, жаданьне вучыцца і наяўнасьць сяброў. Калі год дваццаць не забывацца на сяброў, то і ў 45 год можна будзе пачаць усё з чыстай старонкі. Сыход з Альфы стаў сапраўднай трагедыяй. Але зараз Кузін яшчэ раз упэўніўся: што ні робіцца – ўсё да лепшага.

Тады, у 2003, Сяргей Кузін прадэманстраваў істотную прынцыповасьць. У ягонай сытуацыі, калі кардынальна мяняецца кіраўніцтва, або падпарадкоўваюцца, або ціха чакаюць звальненьня. Але для Кузіна галоўнай умовай была праца з прафэсіяналамі. Новыя ж кіраўнікі станцыі ня мелі дачыненьня да шоу-бізнэсу і мэдый, нават дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі ў іх не было. Зразумела, што з такімі кіраўнікамі, ды яшчэ і пры, на той час, 50 адсотках беларускай музыкі ні аб ніякім разьвіцьці станцыі і гаворкі не магло быць. Сыход Кузіна выклікаў шырокі рэзананс, замешаны на грошах і палітыцы. Сам жа Сяргей чытаў крыўдныя пра сябе рэчы: маўляў, разграбіў казну, вывез тры мільёны даляраў... Канешне крыўдна! Што такое тры мільёны пры нашым та часе? Ва ўмовах  інфляцыі і нафтадаляраў? :)

Нават не папантуесься з такімі сумамі...

«Панты – гэта не выгодна. Ды і адкуль іх узяць? Канешне, калі якія перамовы, я шчокі надуваю. Але гэта гульня пры пэўных умовах, калі трэба з кліента грошы вышыбаць. Тады важны статус, тэлефоны іншыя на стол выкладваюцца... Гэта Ўкраіна.»

Што тычыцца грошаў, то ўсё – нажытае непасільнай працай. На халяву Кузіну не шаньціла. Два разы знаходзіў маленькія гаманцы – і абодва разы пустыя. Аднойчы нават бегаў за нітачкай: думаў, у гаманцы лавандос, а гэта малыя з-за гастраному гарэзьнічалі. Так што, калі б Кузін да казны і дарваўся, то яна б апынулася пустой. І толькі шкодніцкі сьмех пачуў б за сьпіной...

Жарты жартамі, а чалавеку насамрэч прыйшлося цяжка – адкрыцьцё Альфы было адным з двух самых яскравых і важных момантаў у жыцьці Кузіна:

«Ажыцьцявілася мая мара – я адкрыў радыёстанцыю. У дзевяць гадзін дзьве хвіліны, 21 сакавіка 1999 году. Зараз нават не віншуюць. Канешне, тады я паплакаў, раз пяты ў жыцьці. Шлюбы-вясельлі слабейшыя па адчуваньнях. А другі незабыўны момант – калі Пінігін узяў мяне ў свой спэктакль «Вячэра з дурнем». На аб’ёмную ролю, з гадзінаю тэксту. Тады я першы раз выйшаў на сцэну – і ўсё атрымалася! Кажуць, я зялёны быў – у тон сьпінжаку.»

Ёсьць што ўзгадаць

Добра Кузін памятае і самы галоўны свой пракол – ён тады прайграў сто даляраў:

«Неяк увечары глядзелі мы з бармэнам Гудвіна канцэрт Rolling Stones па VH1. Пабываўшы двойчы на іх канцэртах, я дваццаць год жыў глыбока ўпэўненым, што Ron Wood – гэта Keith Richards, а Keith Richards  – гэта Ron Wood. Як я не зьвяртаў увагі на здымкі? Я жыў у змане дваццаць з гакам год! І я прайграў бармэну 100 даляраў. Думаў, мо зрабіць выгляд, што гэта здарылася не са мной...

А ў этэры ляпсусаў было шмат. Я любіў эпаціраваць людзей заявамі аб тым, што я чалавек нявыхаваны, не інтэлігентны. І я так насамрэч лічу, бо сапраўды выхаваных людзей –адзінкі на мільён. Калі я кажу, што не інтэлігентны чалавек, але намагаюся, а мо і не, ім быць, то, зразумела, у нашых снобаў рэакцыя: «Што вы, што вы? Мы ж усе эўрапейцы!». Рэдка, але было што да інтэрвію не рыхтаваўся. Калі суразмоўца ну зусім не цікавы. Кшталту Салтыковай або Алегравай – у грабу я бачыў пра іх штосьці чытаць.»

Было ў прафэсійнай дзейнасьці Кузіна шмат выбітнейшых момантаў, пра якія бяз сьлёз замілаваньня і не ўзгадаеш. Толькі і падумаецца, што «раней людзі былі не такія, як зараз, а разы ў два буйней»:

«У 1996, перад рэфэрэндумам, прынесьлі мне ў студыю нататку, што сёньня – дзень сьвятога Лукі. А я толькі са Штатаў вярнуўся. Мне было так весела! Вырашыў звастрыць... Зафігачыў у этэр БГ «Старик Козлодоев»:

«Крадется по крыше старик Козлодоев, мокры его брюки, он стар и он хочет в сартир…»

Паставіў гэту песьню для сьвятога Лукі… А пасьля ў мяне па плэйсьпісу быў Peter Gabriel зь песьняй «Monkeys». Думаю, як жа мне адвесьці ад Казладоева на Гэбрыэла? Ну і кажу: «Зараз будзе песьня пра малпаў. І я вось падумаў, што праца – вялікая рэч, бо, па Энгельсу, з малпы ня толькі чалавека можа зрабіць, але і кіраўніка асобна ўзятай дзяржавы».

Тэлефануе дырэктар станцыі са словамі «Ідыёт, цябе выганяць!». Але дыялёг скончыўся на сьвяточнай ноце. На пытаньне, каго я меў на ўвазе, я ўключыў такога лунаціка «а вы каго?». Адказаць ён ня можа, бо тады я скажу, што я вось так не падумаў, а вы вось што падумалі. І мяне проста выставілі з кабінэту. Тады за гэткія рэчы можна было быць не звольненым.»

Лепшымі гадамі жыцьця Кузін лічыць вучобу ў Вышэйшай інжынэрнай зэнітнай ракетнай вучэльні. Таму што «такая колькасьць дзяўчатак, столькі вясёлых станаў. Мы яшчэ ў гурце гралі! І сам факт, што ў звальненьне мы ня проста так сыходзілі, а трэба было вырвацца, пераадолець».

Сяргей Кузін

Цалкам жа Сяргей Кузін правёў у арміі год 12, адкуль у яго стойкая нянавісьць да зялёнага колеру. Служыў ва Ўкраіне, пад Адэсай:

«У стэпах я сядзеў, у шахце ракетнай. Гэта, канешне, маразм паўнейшы. Адэкалён таварышы пілі. Я сам амаль ня сьпіўся. Гэта дэградацыя. Калі ў час ня сыдзеш, дзесьці з падпалкоўніка пачынаецца анкалёгія – зьмены незваротныя. Я капітанам сышоў і адразу ў Штаты зьляцеў.»

Гудбай, Амэрыка

У ЗША Сяргей Кузін пражыў амаль чатыры гады. Але дапрацаваўся да прафэсійнай столі, вышэй за якую яму расьці не далі:

«Я падрыгаўся, папіў гарэлкі, панюхаў какаін, папаліў травы і зразумеў, што трэба валіць, нафік. Хаця, я люблю Амэрыку. Толькі за апошні год лётаў разоў шэсьць. Новы год сустракаў на Times Square. Уявіце канцэрт на галоўнай плошчы Менску, дзе на разагрэве Toni BraxtonJustin Timberlake, Beyonce. І гэта не хэдлайн! А дзесятай выйшаў Rod Stewart. І ні слова пра палітыку. Bloomberg бегаў у шортах і цішотцы, яго ўсе хлопалі па плячу, а на Сьцюарта маліся, хаця ён і ангелец.»

І ўвогуле, Кузін сапраўдны мэляман, зразумела – пасада абавязвае. Таму, канешне, цікава, каго зь беларускіх музыкаў ён лічыць прафэсіяналамі, і зь кім сябруе:

«Сяброўства – вельмі сур’ёзнае слова. Я сябрую з Валерам Дайнэкам ўжо вельмі даўна.

А прафэсіяналамі лічу ўвесь Apple Tea, яны безумоўныя профі, гарачыя, лютыя.

Вельмі моцны бубнач у Ляпісаў. Ня гурт Ляпіс, а менавіта бубнач – рэальна эўрапейскага ўзроўню.

Мне падабаецца, як разам граюць J:Mors – гэта ўжо стала гуртом.

Пасьля мне падабаюцца рэчы, якія робіць Лявон. Па майму вельмі глыбокаму меркаваньню, яму трэба болей займацца граньнем на інструмантах, каб гурт стаў яшчэ і музычна моцным. Так бы мовіць, музыкі яшчэ маюць рэзэрвы. Але па ідэях, па крэатыву – поўны парадак.

Я глыбока перакананы, што Беларусь у року цягнуць назад такія рабяты, як Корань з Улісу. Гэта камандзіроўка ў 1975 год і па мазгам, і па музыцы.»

Work OFF

Сам жа Кузін моцна падсеў на канадзкі й аўстралійскі рок. З Канады вельмі падабаецца Theory of Dead Man – проста, даступна, ляканічна, мінімум інструмантаў. У фаворы новая амэрыканская каманда Hinder, а топ унутранага гіт-параду з адрывам у сто крокаў – апошні альбом Chris Cornell «Carry on» i Macy Grey «Big». Ну а пад добрую музычку, як вядома, прыемна пачытаць. Што можна знайсьці на кніжных паліцах ня так даўна набытай уласнай кватэры Сяргея Кузіна?

«Я люблю контр-літаратуру. Мае асноўныя паліцы – Пелевін, Вальбэк... Мінаеў спадабаўся. Але гэта не літаратура зь вялікай літары. Як там у Даўлатава: «апавядальнік – той, хто піша як жывуць; празаік – той, хто піша для чаго жывуць; пісьменьнік піша ў імя чаго жывуць.» Сам Даўлатаў пісаў у імя чаго жывуць.

У цягніку, прыкладам, чытаю ўсё запар – тут я не сноб. Падсунуць мне якую-небудзь  бязглузьдзіцу кшталту Сідні Шэлдан – я параўноўваю гэта з тэкстамі ў нашай вайсковай газэце: «Рядовой Бугдар Белдыев зорко всматривался в предрассветную мглу и знал. Что враги не пройдут…» Ну і прыблізна той самы ўзровень: «Его каменный подбородок, его голубые, холодные как сталь глаза, безжалостно пронзили Саманту и она поняла – он знает о ней все! Даже не думай, мать твою». Гэта сьмешна, але час прамінуў незаўважна.»

Калі ў адносінах да літаратуры Кузін ня сноб, то існуюць пэўныя рэчы, да якасьці якіх ён ставіцца вельмі строга:

«Гэта машыны. Я наўрад ці паеду на францускім або карэйскім аўто. Гэта ўжо залежнасьць. Я не апрану не швэйцарскі гадзіньнік. А вось з пункту гледжаньня апранах – не паруся, галоўнае, каб з бавоўны. Стараюся набываць у Амэрыцы: танна, баваўняна, зручна.»

Дахаты ніхто не зьбіраецца?

«Я неяк пачынаю адвыкаць ад Менску. Першы год сумаваў, але не па гораду, а па людзях, па нейкай пэўнай атмасфэры. Але чалавек прызвычайваецца да ўсяго. А Кіеў – гэта не Масква. Масква – гэта вялікая Азія. Кіеў душэўны, па-добраму раздалбайскі. Тут усім усё по фігу.»

Нават з нашай кароткай гутаркі зразумела, што Кузін прызвычаіўся ўжо мяняць месцы жыхарства, вандраваць з краіны ў краіну, пачынаць спачатку. Сёньня ён пасьпяховы і самазрэалізаваны, але гэта – яшчэ ня столь.­

Сяргей Кузін

Ёсьць у Сяргея Кузіна мара ў чыстым выглядзе, незаплямленая нічым – зрабіць вялікае вечаровае ток-шоў на TV, кшталту Дэвіда Лэттэрмана. У Беларусі. Іншай Беларусі.



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0434 seconds.