Армейскі PR

Патрэбна армія ці не, служыць або касіць – неўміручыя пытаньні. Ня будзем паглыбляцца ў армейскую тэматыку, а зьвернем увагу на вайсковы піяр. Цікавасьць да рэклямных тэхналёгіяў з боку Міністэрства Абароны Беларусі расьце. Ці дзейсная агітка і наколькі адпавядае агульнасусьветным тэндэнцыям?

Лета – хвалюючы час у жыцьці паўнагадовых і здаровых хлопцаў. І не таму, што сонца, адпачынак, прыгожыя дзяўчаты на вуліцах. Кожны з хваляваньнем чакае, калі ў паштовай скрыні зьявіцца запрашэньне ў ваенкамат. Прынамсі, мне не вядомыя хлопцы, якія б добраахвотна пайшлі служыць. Хаця, такія, безумоўна, ёсьць. Адкуль яны бяруцца?

Агітацыя і прапаганда заўсёды былі паплечнікамі прызыўной кампаніі. Асаблівы размах агітплякатаў назіраўся ў савецкія часы, калі водгукі вайны яшчэ віталі над неабсяжнымі прасторамі СССР. Вайна закранула амаль кожную сям’ю, таму вельмі лёгка было гуляць пачуцьцямі людзей, юнацкім рамантызмам. Сьвет кішэў ворагамі, а савецкая зямля была багата на герояў, пра якіх здымалі фільмы ды пісалі кніжкі. Таму кожны чуў, што «Родина-мать зовёт».

Ці ёсьць піяр у сучасным войску? Безумоўна, так. Але наколькі ён дзейны, вось у чым пытаньне. Увогуле ж агітацыя найбольш дзейная ў вялікіх краінах. Напрыклад, у ЗША, служба ў арміі шырока рэклямуецца, і ня гледзячы на рэальную небясьпеку, выгоды пераважваюць.

Рыначныя мэханізмы запрацавалі ў прызыўных кампаніях там, дзе існуе наёмная армія. Яно і зразумела, калі служба ў войску ня добра аплачваемая праца, а сьвяты абавязак, то навошта заахвочваць людзей – нікуды не падзенуцца.

Аднак, і на Беларусі, дзе «рэальныя пацаны ня косяць», служба актыўна прапагандуецца. Так, правярала днямі пошту на тут.баі, а там такі вясёленькі банэрчык з Кацяй Пушкаровай (сэрыял «Не нарадзіся прыгожай»), наўпрост прывёўшы мяне на сайт Міністэрства абароны, а дакладна, на форум, прысьвечаны прызыўной кампаніі.

Але наколькі эфэктыўна рэкляма службы ў войску? Сваімі думкамі дзеліцца Дзяніс Філіпенка (гурт Rahis), які адслужыў у ахове Міністэрства Абароны:

«Былі там і тыя, хто насамрэч хацеў у войска. Але наўрад ці гэта вынік добрай рэклямнай акцыі. Я ня бачыў такога рэклямнага плякату, які б мяне заахвоціў пайсьці служыць. Калі б кампанія была такая як у Штатах – там прапануюцца канкрэтныя матэрыяльныя выгоды – размова іншая. Нам плацілі ўсяго па 15 тысячаў на месяц. А проста на пачуцьці патрыятызму зараз не згуляеш»

Іншага меркаваньня прытрымліваецца былы генэральны прадусар «Альфа-Радыё» Сяргей Кузін. 12 год жыцьця аддаўшы арміі, ён ацэньвае сытуацыю ў Беларусі як не самую горшую. Зараз Сяргей жыве ва Ўкраіне, і можа параўнаць эфэктыўнасьць дзяржаўнай палітыкі ў дзьвюх краінах:

«Я ня ведаю, як гэтая палітыка рэалізуецца ў Беларусі менавіта на ўзроўні піяру, але статус вайскоўцаў, безумоўна, падвышаецца – пры дапамозе фінансавай падтрымкі, выдзяленьня кватэраў  Што вельмі істотна - гэта я магу як афіцэр сказаць. Таксама для арміі вельмі важна ідэалягічная складаючая: за што паміраем, братцы? І ён знайшоў тую частку беларусаў, якім падабаецца моцная рука. Ёсьць хлопцы з сельскіх раёнаў, пысы квадратныя, башкой колькі бутэлек разьбілі. Але ва Ўкраіне з гэтым складаней. У краіне няма кансалідуючай ідэі. Ніякай. Армія тут аніякая, насамрэч. Трэба рэчы сваімі імёнамі называць – на Беларусі армія ў значна больш спрыяльных умовах»

Дакладных дадзеных, колькі сродкаў выдаткоўваецца на армейскі піяр у Беларусі, няма. А вось, напрыклад, Міністэрства Абароны Гішпаніі выдаткавала амаль 12 мільёнаў эўра на рэклямную кампанію па добраахвотнаму прызыву ў прафэсійнае войска. Лёзунг «Уступай у войска дзеля сваёй будучыні, дзеля будучыні ўсіх!» гучаў і па радыё, і на тэлебачаньні, у інтэрнэце, на бігбордах. Таму не дзіўна, што служба ў войску займае апошняе месца сярод 20 найбольш папулярных прафэсіяў Гішпаніі.  Расьце і цікавасьць замежнікаў да гішпанскае арміі, што тлумачыцца магчымасьцю атрымаць грамадзянства.

Агулам жа, для армейскіх ролікаў і на Захадзе, і на Далёкім Усходзе існуе набор стэрэатыпаў. Рэкляма мусіць падкрэсьліваць мужнасьць салдатаў, магутнасьць дзяржавы, утрымоўваць выключна патасныя кадры і адпаведны гукавы шэраг. Клясычны прыклад, рэкляма Ўзброеных сілаў ЗША «Моц арміі».

Самая вясёлая кампанія ва Ўкраіне. Там не баяцца яўнага гумору. Але пад жарты ўсё ж падкрэсьліваюцца выгоды службы ў прафэсійным войску.

Вельмі часта армейская рэкляма становіцца ахвярай пародыяў. Так у Чэхіі праз колькі тыдняў пасьля запуску вайсковай піяр кампаніі, зьявіўся зьдзеклівы ролік. Таксама вельмі моцная хваля антырэклямы армейскай службы – ад тонкага гумару да дэманстрацыі жорсткіх кадраў ахвяраў вайны або катаваньняў.

Ну а Беларусь пераймае лепшы сусьветны досьвед – першыя на постсавецкай прасторы, нашыя дзеткі змогуць, прагульваючы ўрокі, лазіць па адмысловаму сайту «Детям об Армии». Мілашка радавы Армейкін прапануе дзеткам зарэгістравацца – гэта дасьць магчымасьць гуляць у гульні і зарабляць балы! Таксама дзеці знаёмяцца з навінамі і разважаюць над пытаньнем «Армія нужна?».

Такім чынам – робім высновы. Для дзейснага армейскага піяру неабходны ідэя, грошы і якаснае выкананьне. Ідэя ў Беларусі ёсьць, грошы выдаткоўваюцца, але з крэатывам і якасьцю праблемы. Хаця зь іншага боку, ёсьць шэдэўры, якія нават калі захочаш – не забудзеш. А што яшчэ трэба для рэклямы? – каб памяталі пра тое, што ў ёй рэклямуецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.