30 мільёнаў карыстаюцца Facebook
Сацыяльная сетка Facebook разрастаецца ўражваючымі тэмпамі. Толькі за год колькасьць зарэгістраваных карыстальнікаў на гэтым сайце павялічылася на 86 адсоткаў. Гэткі выбуховы рост, збольшага, зьвязаны са зьменамі правілаў рэгістрацыі – з 11 верасьня 2006 карыстацца Facebook можа кожны. Тым часам колькасьць беларускіх карыстальнікаў гэтай папулярнай сацыяльнай сеткі павялічваецца вельмі павольна.
Праект Facebook стартаваў ў 2004 і прызначаўся толькі для тых, хто меў паштовую скрыню з даменам .edu. Зьмены правілаў рэгістрацыі прывялі да таго, што болей за 30 мільёнаў карыстальнікаў зрабілі сайт Facebook другім па наведвальнасьці пасьля MySpace.
Крыху лічбаў
Нядаўна сайт College Humor правёў даследваньне сярод карысталькаў Facebook. Згодна яму 96% адсоткаў дзяўчат і 90,8% хлопцаў праглядаюць старонкі, які пазначаюць як абраныя. Тым часам ажно 36% падумвае аб тым, каб зачыніць сваю старонку.
Мільёны карыстаюцца Facebook, бо зь яго дапамогай, напрыклад, вельмі зручна дзяліцца здымкамі зь любімымі сябрамі, калі ты далёка ад дому. Але ёсьць і аматары ацэньваць іншых. Лазіш сабе па старонках розных людзей, праглядаеш здымкі і абмяркоўваеш хлопцаў ды дзяўчатак са сваімі сябрамі. Такім чынам бавяць час 68,2% дзяўчат і 61,9% хлапцоў.
Facebook таксама добры спосаб праверыць, чым і як жыве зараз экс бой- або гёрлфрэнд. Ну цікава ж! 65 адсоткаў апытаных так і робяць. Больш таго, Facebook таксама выкарыстоўваецца і ў пошуку новых прыгодаў – амаль 20 адсоткаў мужчын і 11,4 адсоткі жанчынаў знаёмяцца такім чынам.
І як вы лічыце, колькі год сярэднестатыстычнаму фэйсбукеру? Аказваецца больш за ўсё зарэгістравана карыстальнікаў ва ўжо не маладым узросьце большым за 35 год – амаль траціна. Меней за ўсё Facebook цікавіць народ ва ўзросьце ад 25 да 34 – толькі 4%, але шмат карыстальнікаў маюць узрост 18-24 гады і 12-17 год.
Facebook і беларусы
У сетцы Belarus зарэгістравана ўжо 345 карыстальнікаў, але большасьць зь іх - гэта беларусы, што апынуліся па-за межамі сваёй краіны.
Мясцовыя ж беларусы пакуль асвойваюць Facebook даволі асьцярожна. Напрыклад, менская праграмістка Саша Патапава завяла акаўнт усяго тры месяцы таму па запрашэньні сяброўкі, а карысталася «толькі разы тры-чатыры». У мэтах пошуку новых і цікавых людзей Саша Facebook не выкарыстоўвала, але разглядае такую магчымасьць.
Зрэшты, што тычыцца пэрспэктываў Facebook на тэрыторыі Беларусі - то верагодна яны ня вельмі вялікія, бо інтэрфэйс сайту пакуль мае толькі ангельскую мову.
Тым часам у суседняй Расеі зьявілася ўжо некалькі сайтаў-клёнаў Facebook.