160 мільёнаў паліць марыхуану
Згодна ААН, самым распаўсюджаным наркотыкам застаецца марыхуана – яе ўжываюць каля 160 мільёнаў чалавек, а гэта – 3,8 адсотка насельніцтва Зямлі.
Адмысловай агенцыяй Арганізацыі аб’яднаных нацыяў па наркакантролю і прадухіленьні злачыннасьці (UNDCCP) падрыхтавана Сусьветная справаздача па ўжываньні і распаўсюду наркотыкаў 2007, якая збольшага ўтрымлівае дадзеныя за 2005-2006.
У 82 краінах незаконна культывуюць канабіс. Асноўная вытворчасьць сканцэнтравана ў Паўночнай Афрыцы (Марока) і ў рэгіёне Паўднёва-Заходняй Азіі і на Бліжнім Усходзе, а дакладней – у Афганістане і Пакістане.
У 2005 з 158,8 мільёнаў спажыўцоў травы 19 адсоткаў былі эўрапейцамі, 24 адсоткі склалі амэрыканцы і столькі ж – афрыканцы, і больш за ўсіх азіятаў – 31 адсотак. Самай устойлівай апынулася Акіянія – толькі 2 адсоткі.
У Беларусі, згодна Справаздачы, марыхуану паліць 2,6 адсотка насельніцтва (У РФ – 3,9, ва Украіне – 3,6). А вось на Ямайцы амаль у чатыры разы болей аматараў канапісу – 10,7 адсоткаў.
У шэрагу краінаў канабіс дазволена ўжываць у прыватных мэтах: Аўстралія, Канада, Мэксыка, Нідэрлянды, Гішпанія, Брытанія. Але ў кожнай краіне існуюць свае асаблівасьці, выключэньні і абмежаваньні. Напрыклад, у Канадзе ўжываньне марыхуаны дазволена толькі ў мэдыцынскіх мэтах, але ў некаторых правінцыях да паленьня травы не ставяцца сур’ёзна і, магчыма, марыхуана будзе легалізавана па ўсёй краіне. У Брытаніі за ўжываньне марыхуаны не арыштуюць, але канфіскацыя і папярэджаньне ў большасьці выпадкаў гарантаваны.
Таксама існуе шмат выпадкаў, калі за распаўсюд або кантрабанду марыхуаны прадугледжана сьмяротнае пакараньне. Напрыклад, згодна кітайскаму заканадаўству, за наркадзейнасьць магчыма вышэйшае мера пакараньня. Міжнародная Амністыя заяўляе, што кожны год у Кітаі за распаўсюджваньне і кантрабанду наркотыкаў асуджаюцца на сьмерць ля 500 чалавек.