Пратрымацца ноч: парады тым, хто не зьбіраецца спаць

Падавалася б, лета - час адпачынку. Але выспацца ўсё не атрымоўваецца. Хто ўсё ніяк не адсьвяткуе атрыманы дыплём, а для каго начная зьмена - звыклы лад жыцьця. Як абхітрыць арганізм і дажыць да сьвітанку?

Для большасьці студэнтаў сэсія ўжо даўна скончылася, а хтосьці ўжо атрымаў дыплём. Засталося толькі адпачыць – колькі бяссонных начэй на твар. На першым курсе за адну ноч да іспыта рыхтаваліся толькі самыя адчайныя. Бліжэй да дыплёму на вывучэньне безумоўна звышпатрэбных для пэрспэктыўнага спэцыяліста прадметаў шкада нават дня цудоўнага маладога жыцьця. І вось думалася – адпачнем на канікулах. Ды дзе там! Сябры...

Таму нават летам парады як пратрымацца ноч вельмі актуальныя.

Зразумела, бяссонныя ночы – удзел ня толькі студэнтаў. Колькі прафэсіяў патрабуе начной працы. Некаторыя з “соваў” падзяліліся з Generation.by сакрэтамі выжываньня ў цёмныя часы.

Сяргей, журналіст:

«Я п’ю шмат вады, а яшчэ хаваць вельмі хочацца. Зялёную гарбату п’ю, калі зранку не атрымаецца паспаць. Кава з каньяком таксама дапамагае, галоўнае – не перабольшыць з каньяком. Было, што не спаў двое сутак запар, падчас сэсіі – і па трое сутак ня спалі. Зараз, калі што – п’ю энэргетычныя напоі».

Дзяніс з гурта Rahis:

«Калі ведаеш, што яшчэ і заўтра працаваць – тады да ну яе, гэту працу, нафік. А калі проста пратрымацца ноч, то п’ю каву. Смактулькі дапамагаюць, вітамінаў можна паесьці.»

А мая знаёмая студэнтка Алена ратуецца кавай ды цыгарэтамі. А яшчэ распавяла гісторыю пра свайго аднагрупніка:

«Падчас сэсіі, калі ўжо зусім не маглі піць каву, мой сябра вырашыў «занюхаць» распушчальнай кавы. Не дапамагло. Лепш не спрабаваць– пасьля такога ўжо нічога ў жыцьці ня хочацца.»

Некалькі парадаў ад адмыслоўцаў

Ня ешце на абед прадукты, багатыя вугляводамі: макароны, бульбу, булкі.

Піце болей – недахоп вадкасьці «згушчае» кроў і мозг не атрымоўвае дастаткова кіслароду.

Прыбярыцеся на працоўным месцы – кіпы паперы ўсыпляюць.

Жоўты, памаранчавы, чырвоны колеры стымулююць мазгавую актыўнасьць. Калі ваш пакой вытрыманы ў іншых колерах – проста паглядзіце з хвіліну на што-небудзь чырвонае.

А лепш за ўсё ўмыцца ледзяной вадой і гучна пець жыцьцясьцьвярджальныя песьні, адзінае што – суседзям гэта не спадабаецца.

Coffee shop

Кава – самы распаўсюджаны сродак барацьбы з уласным арганізмам, які прагне сну. І, дарэчы, другі па распаўсюджанасьці на плянэце – пасьля вады.

На каву шмат нараканьняў. Лічыцца, што гэты моцны стымулюючы напой шкодны для здароўя. Але цяжка ўявіць ноч без моцнай кавы. На розных людзей кава ўзьдзейнічае па-рознаму. Як заўзятая аматарка гэтага напою, магу сказаць, што з часам кава перастае дзейнічаць, і нават пасьля пяці кубачкаў можна заснуць. Таму трэба абраць аптымальны для сябе спосаб прыгатаваньня. Напрыклад, ад капучына ніякай карысьці, каб атрымаць дозу бадзёрасьці я п’ю моцную, звараную каву з цукрам, пры тым – халодную. Па-добраму зайздрошчу ўладальнікам эспрэса-машынаў. Трайны эспрэса і памаранчавы сок – і ніякага сну.

Зусім экстрэмальны варыянт – кава з колай. Ёсьць вельмі моцныя гатункі афрыканскай кавы. Разам з цынамонам, гвазьдзікай ды кардамонам атрымоўваецца вельмі смачны напой. Ну а калі яшчэ бальзамчыку дадаць... Адзінае што – будзе ўжо не да працы.

Амэрыканскія дасьледнікі высьветлілі: людзі ня ведаюць, як правільна піць каву. Каб не заснуць, трэба ўжываць па маленькаму кубачку штогадзіны. Напрыклад, дактары, выратавальнікі, вайскоўцы, якія мусяць дзяжурыць ноччу, заўжды п’юць шмат кавы за раз. А вялікая колькасьць кафэіну толькі болей узмацняе санлівасьць.

З адмоўных эфэктаў кавы адмыслоўцы асабліва вылучаюць тое, што яна падвышае ціск, паскарае сэрцагрукатаньне, вымывае кальцый, зьвязвае ваду, шкодзіць страўніку, а яшчэ зубы становяцца жоўтымі.

Але ёсьць дасьледаваньні, згодна якім кафэін не ўплывае на ціск. А яшчэ кава папярэджвае захворваньні вачэй і амаль на 60 адсоткаў зьмяншае мышачны боль. Таксама кафэін павышае фізычную актыўнасьць – адзін кубачак кавы рэкамэндуецца перад заняткамі спортам. Шырокія дасьледаваньні паказалі, што кава можа нават папярэдзіць рак. І трэба памятаць, што ня толькі кафэін утрымліваецца ў гэтым чорным напоі, а яшчэ вугляводы, тлушчы, штосьці кшталту бялкоў, араматычныя рэчавы, мікраэлемэнты, а антыаксыдантаў у каве ў 2-4 разы болей за гарбату.

Кава і сьнікерс – рэальна даюць энэргіі. Але ня трэба злоўжываць. Ад папулярных батончыкаў можа здарыцца гіпаклемічная кома. Таму варта замяніць сьнікерс на гематаген.

Дактары не рэкамэндуюць піць болей за 4 кубачкі на дзень. А вось Вальтэр часам выпіваў 50 (!). Падчас напісаньня “Чалавечай камэдыі” Анорэ дэ Бальзак зварыў 15 тысяч кубкаў моцнай кавы.

Tea Room

Як і кава, зялёная ды чорная гарбата ўтрымлівае кафэін. Таму нельга казаць, што кава – шкодная, а гарбата – карысная. Якасная зялёная гарбата з крыху тытунёвым смакам можа стаць добрай крыніцай энэргіі.

Падчас начной працы важна ня проста не заснуць, але яшчэ і штосьці ўцяміць. А гарбата як раз актывізуе творчую актыўнасьць. Выпіў араматны кубачак – і крэатывіш усю ноч. Але патрэбна яшчэ і мозг сілкаваць. Вельмі смачна робяць гарбату індусы – якасны чорны гатунак, спэцыі, карычневы цукар і малако.

Energy Drink

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўжо папярэджвае аб шкодным ўзьдзеяньні энэргетычных напояў. Але з адзнакай – у вялікай колькасьці.

Сёньня найбольш папулярны энэргетычны напой – Red Bull. Таксама ў крамах можна знайсьці і айчынны «Зубр». Прынамсі, на мяне ён не паўзьдзейнічаў.

Фармацэўтыка

Падчас іспытаў народ актыўна п’е валер’янку, асабліва дзяўчаты. Бо ўсе ж на нэрвах. Але калі, наадварот, трэба ўзбадзёрыцца, можна накапаць сабе жэньшэню, элеўтэракоку або араліі. Увага – абавязкова параіцца з доктарам і прачытаць інструкцыю. Так, я ў некалькі разоў перабольшыла дозу, бо не мела інструкцыі. Дзякуй богу, абышлося. Але наступствы злоўжываньня могуць быць самыя жудасныя.

Хаця, тыя ж самыя энэргетычныя напоі ўтрымліваюць гэтыя расьлінныя прэпараты, плюс – розныя хімічныя рэчывы. Таму лепей і таньней набыць адну з гэтых настоек. Адзінае што, арганізм вельмі хутка прызвычайваецца.

Жэньшэнь падвышае фізычную й разумовую працаздольнасьць, аказвае супрацьстрэсавы эфэкт, умацоўвае імунную сыстэму, змагаецца з хранічнай стомленасьцю.

Тым, у каго праблемы з сэрцам, лепш увогуле не стымуляваць арганізм і спаць па начох. Таму што ад усіх пералічаных напояў сэрца пачынае вар’яцкі грукатаць, а яно, як вядома, мае вельмі абмежаваны рэзэрв.

SlaDa 21:35, 04/07/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.