Абрана лепшая дзесятка рэклямных герояў ЗША

Нью-ёркская кампанія Marketing Evaluations апублікавала рэйтынг Q-Score самых улюбёных герояў амэрыканскіх рэклямных ролікаў. Агулам разглядаліся больш за 600 пэрсанажаў, якія рэпрэзэнтавалі тавары, тэлепраграмы, брэнды і гэтак далей. Глядзім 10 пераможцаў і чытаем камэнтары беларускага капірайтэра Ўлада Савельева

Лідэрамі сталі пэрсанажы M&M's, што належаць кампаніі Mars і зьявіліся перад гледачамі ў 1954 (!) годзе.

Другое месца падзялілі Aflac Duck і Geico Gecko.

Alfac Duck нарадзіўся ў 2001, і ўпершыню яго ўбачылі японцы. Зараз гэты пэрсанаж - твар страхавой кампаніі.

Geico Gecko дэбютаваў на ТВ у 1999-2000. Ён зьявіўся ў выніку мазгавога штурму. Лічыцца, што розныя там жывёлкі наладжваюць добрую сувязь між кампаніямі і пакупнікамі. І вось абаяльны яшчарак стаў ня проста сымбалем буйной страхавой кампаніі, а кумірам мільёнаў!

Тony the Tiger з 34 баламі заняў 3 месца. Гэты сымпотны тыгра ўсьміхаецца на пакунках сухіх сьняданкаў Kellogg's, любімых ва ўсім сьвеце.

Ну і далей:

Пятае месца - Poppin' Fresh (The Pillsbury Doughboy - ня раім глядзець іх сайт на пусты страўнік!)

Шостае - Energizer Bunny. Без камэнтароў. Нашых. Камэнтар экспэрта - глядзі далей.

Сёмае - Geico Caveman. Акрамя яшчарка Gecko, гэты пячорны чалавек таксама зьяўляецца тварам страхавой кампаніі Geico.

Восьмае - Trix Rabbit – яшчэ адзін герой сухіх сьняданкаў, гэтым разам, кампаніі General Mills.

Дзевятае - Chester the Cheetah. Ну і хто зь беларускіх спажыўцоў ня ведае, што ён любіць? :)

Ну і на дзесятым месцы - трыа Snap!, Crackle! and Pop!. Гэтыя вясёлыя эльфы добра захаваліся - нарадзіліся яны ажно ў 1933! Мільёны дзетак пачынаюць клянчыць "мама, набудзь", пабачыўшы іхнія твары на вокладцы хрумсткіх прысмакаў ад ужо вядомай нам Kellogg's.

Джым Хардысан (крэатыўны дырэктар Character) упэўнены, што сакрэт посьпеху пэрсанажа ў ягонай эмацыйнай сувязі з аўдыторыяй. Менавіта ад яе залежыць посьпех прадукта і стаўленьне людзей да пэрсанажу. Хардысан упэўнены, што стварэньне пэрсанажа, падобнага на пакупнікоў зьяўляецца толькі часткай стварэньня павярхоўнага кантакту. Таму дзеля ўплыву на эмацыйным узроўні неабходна зрабіць так, каб цяжкасьці, праблемы і сытуацыі, зь якімі сутыкаецца герой, былі знаёмыя аўдыторыі.

А Generation.by запыталіся меркаваньня нашага рэклямнага экспэрта - Улада Савельева, крэатара рэклямнай агенцыі Крынь.

Ці згодны ты з вынікамі?

Не судзіце, ды не судзімы будзеце:) Я лічу, што ў Беларусі гэты рэйтынг выглядаў бы зусім ня так. Бо патрэбна ўлічваць якая рэкляма і колькі яе круціцца. На мой погляд, на першым месцы апынуўся б Заяц Энэрджайзер, потым хлопцы M&M's, ну і напрыканцы Трус Нэсквік. Гэта магла б быць тройка лідараў у Беларусі.

Які твой пэрсанаж табе больш за ўсіх падабаецца? Нацыянальнасьць ня мае значэньня.

Хай гэта будзе Энэрджайзэр, бо пэрсанаж гэты зь безьліччу гісторыяў, якія можна бясконца працягваць.

Ці ёсьць падобныя пэрсанажы ў нас? Калі няма, то чаму?

У Беларусі няма. А не, ну як жа, а Маруся? Сапраўдны адзіны наяўны пэрсанаж. Рэспэкт, як кажуць, Юлі Ляшкевіч. А ўвогуле, Беларусі патрэбны бізнэс. Эканоміка мусіць разьвівацца значна хутчэй, тады будзе болей якасных тавараў, у людзей будзе магчымасьць усё гэта набываць, а каб пакупнікоў прывабіць, спатрэбіцца ня меней якасная рэкляма. А ў нас дзяржава рэгулюе, што і каму набываць.

Хто б мог стаць героем Беларусі і як стварыць гэтага пэ­рсанажа?

Вось бясплатна выкідаю BIG idea…. Дзед Барадзед – узгадайце Калыханку, гэта ж тыпова наш, беларускі пэрсанаж! Рэклямаваць можа што заўгодна: ад сокаў да кампутараў. Яшчэ быў такі зялёны прышэлец Паца-Ваца з Мульты-Клюба. Ну а ўвогуле – быў бы якасны прадукт, а зрабіць для яго цікавы пэрсанаж, блізкі мэтавай аўдыторыі, мы заўсёды зможам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.