У Гомельскім унівэрсытэце - новы рэктар

У Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны, дзе адбыліся гучныя арышты за хабарніцтва, прызначаны новы рэктар. Ім стаўся Аляксандар Рагачоў, які да апошняга часу працаваў прарэктарам у пытаньнях навукі ўнівэрсытэту транспарту.

Кіраўніка ва ўнівэрсытэце Скарыны ня было амаль пяць месяцаў. Былы рэктар, сябра Савету Рэспублікі Міхал Селькін добраахвотна падаў заяву на звальненьне яшчэ ў верасьні мінулага году. Здарылася гэта пасьля шэрагу арыштаў за хабарніцтва.

Сярод арыштаваных аказаўся першы прарэктар Кармазін, дэкан біялягічнага факультэту Талкачоў, юрысконсульт Міжэвіч. Арышты працягваюцца да апошняга часу. Ужо ў лютым за кратамі апынуўся дэкан юрыдычнага факультэту Юры Ключнікаў — таксама за хабарніцтва. Усяго ў ізалятары цяпер шасьцёра супрацоўнікаў унівэрсытэту.

Спадчына новаму прызначэнцу дасталася няпростая. Прафэсар Рагачоў да віншаваньняў у сувязі з прызначэньнем на пасаду рэктара ставіцца даволі стрымана. Звычайна адказвае, што не віншаваць трэба, а ў большай ступені спачуваць.

Арышты ва ўнівэрсытэце Скарыны ўжо засланілі былыя гучныя справы пра хабарніцтва ў мэдычным інстытуце. Нават студэнты ўнівэрсытэту, ня кажучы ўжо пра асяродак выкладчыкаў, бяз боязі разважаюць пра сытуацыю з хабарніцтвам:

(Студэнт: ) “Я паступаў бяз грошай. Я курсы ўнівэрсытэцкія завочна скончыў. Бачна, хто паступаў за грошы. Веды ў іх слабаватыя. Адразу нават бачна: для таго, каб паступіць, слабаватыя веды”.

(Студэнтка: ) “Пэўна, заробкі невялікія, таму і хабар бяруць”.

Прадстаўленьне новага рэктара Аляксандра Рагачова калектыву ўнівэрсытэту імя Скарыны прызначанае на будучы аўторак, 24 лютага.

Радыё Свабода

13:00, 23/02/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0679 seconds.