Lilith - вызначаны першы ўдзельнік конкурса маладых гуртоў на Басовішчы

Да атрыманьня маладымі гуртамі галоўных прызоў фэстывалю музыкі маладой Беларусі Басовішча засталося 2 этапы: канцэрт Адборышча і непасрэдна конкурсная частка на Басовішчы. Сёньня скончылася інтэрнэт-галасаваньне на «Тузіне гітоў», паводле якога гурт-пераможца Lilith адразу трапляе на Басовішча, абмінаючы «Адборышча-2007» 15-16 чэрвеня ў Менску.

На Адборышчы выступяць 19 маладых гуртоў, якія былі абраныя сябрамі журы ў першым туры – паводле праслухоўваньня дэма-запісаў.

Сярод гуртоў ёсьць адна замена – гурт Wanted! ня здолее прыехаць на Басовішча з-за прыватных прычынаў. Цікава, што гурт спрабуе свае сілы на конкурсе фэстывалю ўжо другі год. І другі год Wanted! праходзіць на Адборышча, але ня мае магчымасьці выступіць непасрэдна на канцэрце ў Менску. На замену берасьцейцам выходзіць гурт Ann Core, які ў першым туры меў 21 месца ў рэйтынгу паводле галасоў сябраў журы.

Праграма выступаў гуртоў па днях:

15 чэрвеняФляўс і Кляйн, Spitaль, Like a Gossamer, SOK, Спрат, SKA!RB, Unia, Kalmary, Джамбібум, Zig-zag.

16 чэрвеня - Happy three friends, Weeping Twilight, Termin X, COR-SET, Абшар, РоСтра, Заточка, Indra, Ann Core.

Спэцыяльныя госьці: Сьцяна і :B:N:

Канцэрт адбудзецца па адрасе Менск, вул. Талбухіна 4. Па пытаньнях квіткоў – на нумар 649-08-88.

Вядучымі канцэрту папярэдне плянуюцца Руся і Аляксей Мінчонак.

Сёлетнія сябры журы фэстывалю абяруць з 19 камандаў 9 лепшых, якія разам з Lilith і паедуць у Польшчу на Басовішча 20-21 ліпеня.

tarka 16:30, 14/06/2007 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.